У Кобрыне патанулі два рыбакі
- 3.01.2026, 17:29
Ратавальныя камізэлькі яны забылі на беразе.
Пра ўтапленне ў Кобрыне (Брэсцкая вобласць) двух мужчын паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
«2 студзеня ў 16.38 ратавальнікам паступіла паведамленне аб выяўленні на беразе ракі Мухавец па вуліцы Першамайскай у горадзе Кобрыне асабістых рэчаў грамадзян і рыбалоўных снасцей», — адзначае ведамства.
Пасля прыбыцця супрацоўнікаў МНС да ўказанага месца «на адлегласці каля 15 метраў ад берага ў палонцы» таксама былі выяўленыя «прадметы адзення».
У ходзе пошукаў, праведзеных сумесна з прадстаўнікамі Рэспубліканскага таварыства выратавання на водах (АСВОД), целы загінулых былі знойдзены «без ратавальных камізэлек», гаворыцца ў паведамленні. «Неад’емны атрыбут бяспекі знаходзіўся на беразе», — удакладнілі ў МНС.
Абставіны здарэння ўстанаўліваюцца.
Паводле інфармацыі АСВОД, загінулымі з’яўляюцца мужчыны 1994 і 2004 гадоў нараджэння.
Згодна з данымі АСВОД, за першае паўгоддзе 2025 года ў Беларусі патанулі 120 чалавек, у тым ліку 6 непаўналетніх.