Найбуйнейшы дзяржаўны банк РФ спрагназаваў поўнае вычарпанне ФНБ праз год
- 29.01.2026, 22:14
Пуцін выдаткаваў актывы фонду нацыянальнага дабрабыту на вайну.
Ліквідныя актывы фонду нацыянальнага дабрабыту, за кошт якіх урад кампенсуе недабор нафтагазавых даходаў бюджэту, могуць быць цалкам вычарпаныя крыху больш чым праз год пры захаванні бягучых цэн на нафту, прагназуюць эксперты Цэнтра эканамічнага прагназавання Газпрамбанка — трэцяга па памеры актываў дзяржбанка РФ.
На пачатак года ў ФНБ заставалася 4,1 трлн рублёў не выдаткаваных сродкаў — гэта валюта і золата на рахунках ЦБ. Хуткасць расходавання рэзерваў залежыць ад працягласці і зніжэння цэн на нафту, нагадваюць эксперты ЦЭП: цяпер фонд расходуецца, калі кошт барэля апускаецца ніжэй за $59.
З ценамі на нафту каля $40 рэшткі сродкаў ФНБ будуць выдаткаваныя крыху больш чым за год, вынікае з ацэнак ЦЭП ГПБ. А калі каціроўкі ўпадуць да $30–35, то фонд можа абнуліцца да канца бягучага года. Пры нафце па $50 запасаў ФНБ хопіць на 2,5 года.
Таксама маюць значэнне «выдаткі ФНБ на іншыя мэты», адзначаюць аналітыкі ГПБ: так, у бягучым бюджэце на 2026–28 гг. прадугледжаны інвестыцыі ў інфраструктурныя праекты за кошт фонду на 1 трлн рублёў.
«Набліжэнне тэрміну чаканага вычарпання ліквіднай часткі ФНБ да 1 года, верагодна, запатрабуе перагляду «цаны адсячэння ніжэй за $59», — пішуць эксперты банка. А гэта пацягне за сабой перагляд расходаў федэральнага бюджэту або крыніц яго даходаў.
Перад пачаткам вайны ў ФНБ, які гадамі назапашвалі за кошт нафтавых звышдаходаў, знаходзілася $113 млрд ліквідных актываў, або 6,5% ВУП. Да пачатку 2026 года гэтая сума скарацілася ў 2,5 раза — да $52 млрд, а ў адносным выражэнні — у 3,5 раза, да 1,9% ВУП.
Пасля маштабных расходаў на мегапраекты і латанне бюджэтных дзірак запасы золата ў фондзе ўпалі на 71% — з 554 да 160 тон. А з валютных рэзерваў засталіся толькі кітайскія юані прыкладна на $30 млрд — мінімум з моманту стварэння ФНБ у 2008 годзе.
Першапачаткова ў бюджэце-2026 Мінфін закладаў нулявыя выдаткі з фонду, разлічваючы захаваць рэшткі «кубышкі» і пакрываць дэфіцыт бюджэту за кошт запазычання. Але абвал цэн на расійскую нафту, якая пасля санкцый адміністрацыі Дональда Трампа прадаецца з рэкорднымі з пачатку вайны зніжкамі, прымусіў урад «распячатаць» фонд: з 16 студзеня па 5 лютага Мінфін прадасць валюту і золата на 192,1 млрд рублёў, каб кампенсаваць недабор сыравінных даходаў.
Паводле дадзеных Bloomberg, у канцы студзеня сорт Urals прадаваўся за мяжой па $36–38 за барэль пры закладзеных у бюджэт $59. А гэта пагражае казне недаборам нафтагазавых даходаў на 3 трлн рублёў і дэфіцытам вышэй за план, прагназуюць аналітыкі Альфа-банка.