«Нічога падобнага са мною раней не здаралася»
- 29.01.2026, 20:18
Што адбылося пасля перамогі Сабаленкі над украінкай Світолінай на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі.
Лепшая тэнісістка свету беларуска Арына Сабаленка пацвердзіла свой статус, выйграўшы 29 студзеня ў паўфінале Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі ў 12-й ракеткі з Украіны Эліны Світолінай з лікам 6:2, 6:3, і распавяла пра настрой на фінал супраць Алены Рыбакінай.
Найлепшай ілюстрацыяй таго, што адбылося ў паўфінале, сталі словы Світолінай пра Сабаленку на прэс-канферэнцыі:
– Я глядзела яе матчы ў пачатку турніру. Тады Арына была зусім іншай тэнісісткай. А сёння яна была выдатнай.
Сабаленка выйшла на матч са Світолінай максімальна сканцэнтраванай, пакінуўшы дзесьці далёка шум вакол яе ўбораў і ўпрыгожванняў, кантрактаў з Gucci і авіякампаніяй... А галоўнае - яна паставілася да сустрэчы з Элінай, якая здзівіла тут многіх, з поўнай адказнасцю, без халадку першых раўндаў.
– Я не люблю параўноўваць сябе, нават з учарашнім днём, - адказала на гэта Сабаленка ў размове з журналістамі. - Мне здаецца, гэта мне не на карысць. Думаю, галоўнае - выйсці на корт і выкласціся на поўную менавіта сёння. Кожны раз, калі я аглядаюся назад і бачу моманты, калі я гуляла добра, я спрабую паўтарыць тую форму, а гэта няправільна. Я задаволеная сваёй гульнёй. Адчуваю, што ўсё, над чым я працавала ў міжсезонне, прыносіць свае плады. Я гэтаму рада і проста жыву адным днём.
Світоліна, вядома, была засмучаная:
– Вядома, я расчараваная тым, што не дайшла да фіналу. Але гэта вельмі складана, калі ты гуляеш супраць першай ракеткі свету, якая цяпер знаходзіцца ў неверагоднай форме, - цытуе Эліну puntodebreak.com.
Яна скардзілася, што не змагла адбіваць у абароне ўдары Сабаленкі так жа, як удары іншых саперніц. Падвёў і прыём падачы.
– Я добра прымала, але потым яе другая падача стала неверагоднай… Яна таксама вельмі добра і хутка прымала. Яе другі ўдар пасля падачы быў неўтаймоўны. Па ўсіх гэтых прычынах яна - першая ракетка свету.
Світоліна правяла выдатны турнір, але ў паўфінале быў ужо іншы ўзровень.
– Я думала, што сёння ў мяне нешта атрымаецца, але гэтага не адбылося, або атрымалася меней, чым я чакала. Шкада, што я не аказала на яе больш ціску, але ў Сабаленкі былі адказы на ўсё…
Мядзведжую паслугу суперніцы Арыны аказала ў гэтым матчы суддзя. У першым сэце яна пакарала Арыну ачком за так званую перашкоду, палічыўшы, што крык Сабаленкі пасля ўдару мог перашкодзіць Світоліне.