У матчы паміж Сабаленкай і Світолінай не абышлося без скандалу
- 29.01.2026, 14:38
У беларускай тэнісісткі забралі ачко.
У паўфінальным матчы Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі паміж беларускай Арынай Сабаленкай і ўкраінкай Элінай Світолінай адбыўся рэдкі скандал.
Пры ліку 2:1 у першым сэце на падачы Світоліны завязаўся абмен ударамі з задняй лініі. Арына прабіла і выдала звыклы стогн, якім суправаджае амаль кожны свой удар.
На гэты раз суддзя спыніла разыгрыш і прысудзіла ачко Світоліне, палічыўшы, што крык Сабаленкі стварыў перашкоду ўкраінцы.
Суддзя пацвердзіла сваё рашэнне, маўляў, пасля першапачатковага стогну Арына выдала гук у сярэдзіне разыгрышу: «Вы выдалі гук «У-у-а-йя». Гэта ненармальны гук».
Матч працягваўся 1 гадзіну 18 хвілін і завяршыўся перамогай беларускі з лікам 6:2, 6:3. Дарэчы, Світоліна пасля паразы зноў не паціснула руку Сабаленцы.