Цэментныя заводы аказаліся злоснымі неплацельшчыкамі
- 29.01.2026, 14:13
Прадпрыемствы не плацілі за энергарэсурсы.
З пратакола пасяджэння Рэспубліканскай камісіі па кантролі за ажыццяўленнем разлікаў за прыродны газ, электрычную і цеплавую энергію стала вядома, што арганізацыі камунальнай формы ўласнасці за студзень—снежань 2025 года не даплацілі 305 млн рублёў. Дакумент рэдакцыі «Еўрарадыё» перадала ініцыятыва BELPOL.
З яго таксама вынікае, што ўсе цэментныя і шкляныя заводы (акрамя ААТ «Гомельстекло») Беларусі не плацілі за энерганосьбіты ўвесь 2025 год. Разабрацца з імі даручана Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва.
Гродзенскаму аблвыканкаму было даручана прапрацаваць пытанне аплаты ААТ «Агракамбінат „Скідзельскі“» за энергаспажыванне ў 2025 годзе. Як вынікае з дакумента, прадпрыемства ўвогуле не плаціла за газ, электраэнергію і цеплавую энергію.
Адзін са спосабаў пагашэння запазычанасці — прадастаўленне акцыянернаму таварыству бюджэтнай пазыкі. Пры гэтым у пратаколе адначасова ўказана, што ГПО «Белтопгаз» і ГПО «Белэнерга» абавязаны выпрацаваць прапановы па ўвядзенні рэжымаў абмежавання падачы энергарэсурсаў на аб’екты агракамбіната «Скідзельскі».
У Віцебскай вобласці злосным неплацельшчыкам за спажытыя энергарэсурсы з’яўляецца ААТ «Абольскі керамічны завод».
У Гомельскай вобласці ААТ «Гомельстекло» (разам з філіяламі) не разлічылася за пастаўляемы газ, у тым ліку па растэрміноўцы ў адпаведнасці з распараджэннем Аляксандра Лукашэнкі ад 13 снежня 2019 года.