Польшча адмовілася ўпускаць у краіну беларускага бізнесмена
- 29.01.2026, 22:53
Ён звязаны з рэжымам Лукашэнкі.
Беларускі бізнесмен Валянцін Байко, уладальнік кампаніі «Кантэ Спа», прасіў Польшчу зняць з яго забарону на ўезд. Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі не знайшло падстаў для адмены абмежаванняў. На дзяржаўным партале прыводзіцца абгрунтаванне гэтага рашэння, заўважыў MOST.
Нацыянальныя санкцыі супраць Байкі 29 мая 2023 года ўвёў міністр унутраных спраў Польшчы па прадстаўленні кіраўніка Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW). Падставай стала сяброўства Байкі ў так званым Савеце Рэспублікі. У гэтым статусе бізнесмен удзельнічаў у прыняцці законаў, якія абмяжоўваюць правы і свабоды грамадзян Беларусі, у тым ліку польскай меншасці.
У міністэрстве палічылі, што ўезд і знаходжанне Валянціна Байкі ў Польшчы пагражаюць бяспецы дзяржавы і яе міжнароднай пазіцыі. Актывы бізнесмена ў Польшчы былі замарожаныя, а яго самога ўнеслі ў спіс асоб, непажаданых на тэрыторыі краіны. Польшча ўнесла звесткі пра Байку ў Шэнгенскую інфармацыйную сістэму (SIS II), што робіць для яго немагчымым наведванне любой з краін Шэнгенскага пагаднення.
17 снежня 2025 года ў Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы паступіла заява ад юрыдычнай фірмы ў Бухарэсце (Румынія), якая ад імя Валянціна Байкі прасіла выключыць яго звесткі са Шэнгенскай інфармацыйнай сістэмы. Бізнесмен сцвярджаў, што ўнясенне яго ў спіс непажаданых асоб незаконнае, бо адсутнічае абгрунтаванне пагрозы, якую ён уяўляе. Байко заявіў, што санкцыі — гэта дыскрымінацыя за яго парламенцкую дзейнасць і палітычную прыналежнасць і што абмежаванні негатыўна адбіваюцца на яго асабістым і прафесійным жыцці.
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі зноў звярнуўся па ацэнку ў ABW. У ведамстве палічылі, што няма падстаў паслабляць або адмяняць абмежаванні супраць Байкі, бо ён па-ранейшаму мае моцныя сувязі з рэжымам Лукашэнкі як у палітычнай, так і ў бізнес-сферы.
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі пагадзіўся з ацэнкай ABW і пакінуў у сіле забарону на ўезд для Валянціна Байкі.