Зубр выйшаў да людзей у Асіповіцкім раёне
- 29.01.2026, 11:13
Рэдкі госць з лесу некалькі гадзін блукаў па вёсцы пад ліхтарамі.
Жыхары вёскі Слабада сталі сведкамі рэдкай падзеі — у цэнтр населенага пункта прыйшоў зубр. Ён паводзіў сябе спакойна, нават флегматычна.
Па словах жыхаркі вёскі Алены Жукоўіч, звер з'явіўся ў аколіцах некалькі дзён таму: спачатку яго бачылі на полі і побач з дарогай Свіслач — Елізова, а ўчора ўвечары ён зайшоў непасрэдна ў Слабаду.
«Ён быў спакойны, у асноўным стаяў, а калі рухаўся, дык не спяшаючыся, нейк ляніва», — расказала яна «Асіповіцкаму краю».
Людзі спрабавалі пачаставаць госця хлебам і бураком, але зубр адмовіўся ад ежы.
У той жа час жывёлу чамусьці прыцягвалі вулічныя ліхтары. Зубр падоўгу стаяў пад святлом, пасля чаго павольна пераходзіў да наступнага слупа.
У адным з двароў волат перагарадзіў вароты, з-за чаго гаспадар дома, вярнуўшыся з працы, быў вымушаны шукаць абыходны шлях, каб трапіць дадому.
Бліжэй да ночы зубр прылёг адпачыць, а каля другой гадзіны ночы знік. Судзячы па слядах, ён накіраваўся ў бок пасёлка Елізова.