«Хто на што вучыўся, Леначка»
- 29.01.2026, 9:30
Беларусы распавялі пра сваю працу, заробкі і ўмовы працы.
У Беларусі за 2025 год стала менш вольных вакансій, але вырасла колькасць суіскальнікаў. Пры гэтым афіцыйная статыстыка паведамляе пра ледзь не рэкордна нізкі ўзровень беспрацоўя ў нашай краіне — усяго 2,5% ад агульнай колькасці працоўнай сілы. Але тлумачыцца гэта зусім не перамогай беларускіх уладаў над «дармаедамі», а цэлым шэрагам негатыўных фактараў. А дэфіцыт кадраў б’е па якасці тавараў і паслуг, піша «Салідарнасць».
Эксперты рынку працы адзначаюць, што ва многіх сферах расце канкурэнцыя за працоўныя месцы, але пры гэтым беларусы ўсё часцей сутыкаюцца з выгараннем з-за несправядлівай, як лічаць работнікі, ацэнкі працы, несупадзення заробку чаканням, высокай нагрузкі.
Аналітыкі rabota.by прагназуюць: у 2026-м застанецца высокім попыт на прафесіі масавага найму (разнарабочы, кур’ер, кіроўца, прадавец, адміністратар, камплектоўшчык заказаў), а бізнес замест пошуку новых людзей сканцэнтруецца на ўтрыманні і навучанні супрацоўнікаў.
А што ў дзяржарганізацыях? Яркі прыклад — РНПЦ «Кардыялогія», дзе ўжо тры гады не могуць знайсці санітарак і медсясцёр на незайздросныя заробкі ў 1000–1400 беларускіх рублёў.
«Салідарнасць» пагаварыла з беларусамі ўнутры краіны пра ўмовы іх працы, рост заробкаў, стаўленне наймальнікаў. І ў які бок усё гэта змяняецца.
«Тут здаюць кватэры, а там атрымліваюць заробкі»
— За апошнія тры гады ў мяне на працы нічога істотна не змянілася, — кажа жыхар райцэнтра Сяргей. — Калектыў амаль той самы, начальства таксама. Сёлета заробкі бюджэтнікам вось паднялі на 10% — але ў мяне раней быў падатковы вылік на жыллё, а цяпер няма, дык што амаль тое на тое выходзіць. А папярэднія павышэнні амаль не заўважыў на фоне росту цэн.
З вясёлага: прызначылі нам аднойчы «зверху» намесніка па кадрах і ідэалагічнай працы, нейкага немясцовага прычапурыстага дзядзьку па лініі БРСМ. Але ён занадта рупліва ўзяўся за справу: не толькі праводзіў «палітінфармацыю» пра экстрэмізм і як у роднай краіне добра жыць, а за мяжой не трэба, але і пачаў чапляцца да супрацоўнікаў, прычым не толькі да шараговых. «Чаму гэта вы на пяць хвілін раней сышлі? — А чаму вы не паглядзелі па камерах, што я на паўгадзіны раней прыйшоў на працу?».
Увогуле, ён усіх давёў, і яго звольнілі — спецыфіка невялікага горада: наша начальства ўсіх у выканкаме ведае і пераканала ідэолага, што лепш без такога намесніка, чым з ім. Новага амаль год шукаюць — не ідуць на нашы заробкі.
У паліклініку таксама не ідуць: то і справа бачу на іх дзвярах аб’явы. Пункт выдачы Ozon чалавека на 1000 рублёў шукае — ніхто не спяшаецца. Падсобных рабочых, прадаўцоў, санітараў, машыністаў то і справа запрашаюць праз аб’явы ў «раёнцы» — увогуле не смешна, якія грошы абяцаюць.
На «раёнку», дадае Сяргей, яго на працы прымусілі падпісацца пад пагрозай пазбаўлення гадавой прэміі. Ён выпісаў — на тры месяцы: «чыталі ўсёй сям’ёй, як анекдот, але працягваць карміць прапаганду не плануем».
— Настаўніца малодшай дачкі падзялілася, што збіраецца давесці нашых да канца пачатковай школы і сыходзіць — заробак у яе каля 2000, але, кажа, столькі паперак і абавязкаў, якія не датычаць навучання, што ўласная здаровая псіхіка даражэйшая.
Пра некаторых сваіх знаёмых ведаю, што з’ехалі на працу ў Мінск. Тут здаюць кватэры, а там атрымліваюць заробкі, якіх хапае, нават з улікам арэнды жылля, на жыццё сабе і дзецям.
Каму ў плане заробкаў добра, дык гэта нашым МНСаўцам. Ратавальнікаў у горадзе, можа, чатыры чалавекі, астатнія — інспектары і кантралёры: увесь час ездзяць, правяраюць апавяшчальнікі ў бабуль, праводзяць нейкія прафілактычныя мерапрыемствы. І як ні пагляджу — то ў іх канцэрт, то экскурсія ў Мінск, то ўзнагароджанне.
«Усё перадрабіць, адрапартаваць»
— У сферы гандлю, дзе я працую, — страшная цякучка, — кажа мінчанка Кацярына. — Прадаўцы, грузчыкі, падсобнікі, складскія работнікі патрэбныя пастаянна. І зразумела чаму — заробкі не тое каб выраслі.
У мяне як не выходзіла 2000 рублёў «чыстымі», так і не выходзіць. Дзяўчаты-мерчандайзеры атрымліваюць да 1,5–1,8 тысячы рублёў, болей фізічна не могуць — не паспяваюць за суткі столькі крам аб’ехаць.
Актывізаваліся нейкія мутныя рэкрутары, якія клічуць людзей з правінцыі на «вахту» ў Мінск — абяцаюць нерэальныя заробкі, указваюць, вядома, сумы да ўтрымання падаткаў, магчыма, яшчэ дзесьці хітруюць. Бо з кім з работнікаў ці знаёмых прадаўцоў я ні размаўляла — ніхто такіх грошай у вочы не бачыў.
Пры гэтым звычайнаму прадаўцу стала не тое каб складаней — скажам так, больш тупога кантролю. Прыходзяць нейкія правяральнікі: ці то з выканкама, ці з міністэрства, ці прафсаюзнікі на грамадскіх пачатках.
А нам потым распавядаюць, што там цэннікі віселі крыва і не адпавядалі таварам (а людзей у зале заўсёды не стае), там беларускія тавары (які жах!) былі на нявыгадных месцах або на ніжніх паліцах, тут асартымент, скажам, дзіцячага харчавання недастатковы (можаце падумаць, нібы я асабіста ўсё гэта замаўляю). Усё перадрабіць, адрапартаваць.
Навучанне, павышэнне кваліфікацыі? Не, не чулі. У лепшым выпадку ў нас упіраюць на «сяброўскі калектыў» (я тут, мабыць, прамаўчу) і «поўны сацпакет». Маюцца на ўвазе адпачынак, бальнічныя і гіпатэтычная магчымасць трапіць ад прафсаюза работнікаў гандлю на якіясьці арганізаваныя забавы.
Хоць на гэта, шчыра кажучы, ні сіл, ні жадання.
Я не маю ілюзій: калі б не муж — ён будаўнік, аздобнік, — майго заробку не хапала б. А так я разумею, што ў мяне ёсць у добрым сэнсе тыл, нарабляю сабе неабходны стаж і не бяру да галавы ўсе прычэпкі кіраўніцтва, не нервуюся наконт працы.
Бо месца з падобнымі ўмовамі і грашыма я дакладна знайду, а ці знойдуць яны іншага неканфліктнага, кваліфікаванага і вопытнага работніка, якога не трэба вучыць з нуля, — яшчэ пытанне.
«Муж з’едліва паўтарае: хто на што вучыўся»
Муж Алены шмат гадоў працаваў вадзіцелем гарадскога транспарту. Потым, як кажа жанчына, «псіхануў і сабраўся працаваць дальнабойшчыкам».
— А потым паразпытваў калегаў у гэтай сферы, і яму распавялі, што перавозкі вельмі моцна праселі пасля пачатку вайны, а асабліва — летась, калі пачалася свістапляска з межамі Беларусі і еўрапейскіх краін.
Вадзіцеляў перадпэнсійнага ўзросту многіх «папрасілі», моладзь бяруць на зусім іншыя грошы і ўмовы, і калі раней трэба было па рэкамендацыях і сувязях уладкоўвацца ў салідныя кампаніі, то цяпер ужо праз TikTok дзе-нідзе зазываюць.
У выніку ён застаўся на сваёй працы. Там усё ж заробак стабільны і даплата за стаж, які-ніякі ведамасны санаторый, можна аформіць неблагае медабслугоўванне.
Хаця ўмовы таксама не цукар: ён распавядае, што калі раней на працу бралі, каб чалавек з галавой быў, адказны і не закладваў за каўнер, то цяпер — каб была добрая характарыстыка з папярэдніх месцаў працы і адсутнічала судзімасць «па палітыцы». А ў выніку дысцыпліна кульгае, многія працуюць спусціўшы рукавы, дысцыпліна так сабе.
Хаця зарабляе муж, дарэчы, са сярэдняй спецыяльнай адукацыяй больш, чым я з вышэйшай. Яшчэ з’едліва паўтарае: «хто на што вучыўся, Леначка».
Сама беларуска па першай адукацыі, юрыдычнай, прапрацавала зусім нядоўга. Лічыць, можа, яно і да лепшага: «Інакш з маім характарам пасля 2020-га я б дакладна апынулася за кратамі, недзе побач з людзьмі, якім не змагла дапамагчы».
Пакінуўшы дзяржструктуру, Алена перавучылася на дызайнерку, а нядаўна ўладкавалася на мэблевую вытворчасць.
— Пакуль мне складана судзіць пра ўмовы. Хаця ад старту падыход начальства не ўзрадаваў: нам бы памаладзей, ды спецыяліста з досведам, ды раптам вы яшчэ ў дэкрэт пойдзяце. Памятаеце, хадзіў жарт на тэму «шукаем бухгалтара не старэй за 25 гадоў з досведам працы не менш за 10 гадоў»? Вось нешта з гэтай оперы.
Потым доўга мурыжылі з тэставымі заданнямі, з выпрабавальным тэрмінам, але ў выніку, нібыта, усё ўстаканілася. Паглядзім, як пойдзе.
Ведаю, што ў сферы дызайну, як і ў маркетынгу, у рэкламе цяпер лішак спецыялістаў — вось наймальнікі і перабіраюць. А заробак пакуль сціплы, ніжэйшы за сярэдні па краіне. У выніку мы з варонамі за ежу, вядома, не дзерэмся, нават «лакшэрнуць» раз на месяц пасля атрымання заробку можам. Але водпуск недзе ў Турцыі ці Эміратах наўрад ці сабе дазволім.