Вытворчасць расійскіх матацыклаў «Урал» перанеслі ў Кітай
- 29.01.2026, 5:32
Адзіны расійскі вытворца цяжкіх матацыклаў з каляскамі сутыкнуўся з крызісам.
Ірбіцкі матацыклетны завод (ІМЗ), адзіны расійскі вытворца цяжкіх матацыклаў з каляскамі, пераносіць вытворчасць у Кітай. Гэтае рашэнне стала наступствам шматгадовага крызісу, выкліканага санкцыямі, лагістычнымі праблемамі і стратай ключавых рынкаў збыту пасля пачатку паўнамаштабнай вайны ва Украіне, паведамляе «7×7».
Як нагадвае выданне, яшчэ ў 2022 годзе завод часткова перанёс зборку са Свярдлоўскай вобласці ў Казахстан, спрабуючы абысці заходнія санкцыі і захаваць доступ да імпартных камплектуючых, іхняя частка ў матацыклах перавышала 70%. Аднак гэта мера не ўратавала прадпрыемства ад страт. Рашаючым ударам стала рашэнне адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў 2025 годзе павялічыць да 25% пошліны на ўвоз тавараў з Казахстана, што зрабіла экспарт «Уралаў» на амерыканскі рынак нерэнтабельным.
У выніку кіраўніцтва ІМЗ заключыла пагадненне з кітайскай кампаніяй Yingang. У 2026 годзе была прадстаўлена новая мадэль Ural Neo 500, цалкам распрацаваная і вырабленая ў Кітаі. Яна захавала фірмовую каляску, але кардынальна адрозніваецца ад класічных «Уралаў» дызайнам і камплектацыяй. Выхад на рынак запланаваны на май–чэрвень 2026 года, а цана складзе каля 15 тысяч долараў супраць 20 тысяч долараў за ранейшую флагманскую мадэль Ural Gear Up.
Перанос вытворчасці стаў вымушаным крокам пасля чаргі няўдач. Санкцыі 2022 года адрэзалі завод ад паставак крытычна важных кампанентаў: італьянскіх тармазоў Brembo, нямецкіх шын Heidenau, японскіх свечак NGK і шведскіх падшыпнікаў SKF. Адначасова «контрсанкцыі» (забарона на экспарт шэрагу тавараў, уключаючы матацыклы, уведзеная Уладзімірам Пуціным у 2022 годзе) і чатырохкратны рост лагістычных выдаткаў пазбавілі ІМЗ асноўных рынкаў збыту: да вайны 40% продажаў прыпадала на ЗША, 30% — на Еўропу і 25% — на краіны Азіі.
Пераезд у Казахстан дазволіў часова аднавіць экспарт, але не вырашыў структурных праблем. Расійскі цэх у Ірбіце да 2024 года скараціў штат да двух зборшчыкаў, а ў 2025-м — перайшоў на выпуск запасных частак і гарантыйнае абслугоўванне. Казахстанская вытворчасць, што дасягала 300 матацыклаў у месяц, аказалася падарваная тарыфнай палітыкай ЗША.
Раней, у 2016 годзе, завод заяўляў, што ганарыцца супраціўленнем «ўсяагульнай кітаізацыі». Цяпер жа, як канстатуе «7×7», ІМЗ вымушаны ісці шляхам, які ўжо прайшлі многія расійскія аўтавытворцы пасля 2022 года.