У Вялікабрытаніі дзяўчынка знайшла метэарыт узростам 4,5 мільярда гадоў
- 28.01.2026, 22:49
Хутчэй за ўсё, ён быў часткай планеты, якой больш не існуе.
У горадзе Пенарт, Вялікабрытанія, васьмігадовая Арыяна Чэрч знайшла найстаражытны метэарыт, піша Wales Online.
Арыяна прыехала ў Пенарт летам 2025 года з бацькам Мэтам і малодшай сястрой Лэйлай. Шпацыруючы па пляжы, дзяўчынка адышла ад бацькі, уважліва разглядаючы пясок пад нагамі. Раптам яна заўважыла два незвычайныя камяні. Адзін быў падобны на кавалак вулканічнай пароды, а другі прыцягнуў яе сваёй незвычайнай тэкстурай. Яна забрала іх дадому.
Маці Арыяны, Хэйлі, параіла ёй схаваць камяні ў шкатулку і берагчы іх. Неўзабаве да іх у госці прыйшоў сябра сям’і. Паколькі ён працуе геолагам, дзяўчынка вырашыла паказаць яму свае знаходкі. Мужчына выказаў здагадку, што першы камень утварыўся пасля апошняга вывяржэння вулкана ў Іспаніі. Другі камень зацікавіў яго мацней. Ён быў цяжкі, халодны навобмацак і меў дзіўны пах.
З дазволу дзяўчынкі мужчына ўзяў узор на даследаванне. Навукоўцы разрэзалі яго і выявілі ўнутры крышталі, якія могуць утварацца толькі ў космасе. Яны вызначылі, што перад імі метэарыт узростам прыкладна 4,5 мільярда гадоў. Хутчэй за ўсё, ён быў часткай планеты, якой больш не існуе. Яна сутыкнулася з нечым у космасе, і адзін з яе фрагментаў упаў на Зямлю.
Метэарыт вярнулі Арыяне. Яна плануе насіць яго ў школу, каб усе ахвотныя змаглі ацаніць яе ўнікальную знаходку. Нягледзячы на сваю ўдачу, дзяўчынка не плануе звязваць будучыню з геалогіяй. Яна хоча стаць паліцэйскай. Камяні Арыяна будзе збіраць толькі ў вольны час.