Пуцін прапанаваў дапамогу новаму лідару Сірыі, якога 10 гадоў таму абяцаў «знішчыць»
- 28.01.2026, 20:20
Пасля звяржэння Асада дыктатар РФ рэзка змяніў тон.
Расія хацела б развіваць эканамічнае супрацоўніцтва з Сірыяй і гатовая прыняць удзел у аднаўленні краіны пасля вайны, што цягнулася амаль 15 гадоў. Пра гэта дыктатар РФ Уладзімір Пуцін заявіў на сустрэчы з новым прэзідэнтам Сірыі Ахмедам аш-Шаарам у Крамлі, перадае The Moscow Times.
З 1944 года, калі Масква і Дамаск падпісалі пагадненне аб дыпламатычных адносінах, паміж Расіяй і Сірыяй «на міждзяржаўным узроўні ніколі не было ніякіх змрочных старонак», — сказаў Пуцін. Ён дадаў, што цяпер двухбаковыя адносіны «актыўна развіваюцца», і запланаваныя праекты ў прамысловасці, медыцыне і спорце.
«Ведаю, што ў Сірыі трэба будзе аднавіць вельмі многае, і нашы эканамічныя аператары, у тым ліку будаўнічага сектара, гатовыя да гэтай сумеснай працы», — цытуе Пуціна прэс-служба Крамля.
Раней аш-Шаар быў вядомы як аль-Джулані і ўзначальваў ісламісцкую групоўку «Хаят Тахрыр аш-Шам» (раней «Джабхат ан-Нусра» — адно з адгалінаванняў «Аль-Каіды»). Баевікі гэтай групы ў снежні 2024 года захапілі ўладу ў Сірыі пасля ўцёкаў у Маскву былога дыктатара Башара Асада. У 2016 годзе Крэмль вуснамі МЗС РФ назваў групоўку і яе лідара «ізвергамі» і абяцаў «знішчыць».
У афіцыйным паведамленні ведамства адзначалася, што «Хаят Тахрыр аш-Шам» «застаецца незаконнай тэрарыстычнай арганізацыяй, у якой няма іншай мэты, акрамя стварэння жорсткімі і варварскімі метадамі т. зв. ісламскага халіфата, і паслядоўная барацьба з гэтымі ізвергамі будзе працягнута пры падтрымцы сусветнай супольнасці да іх поўнага знішчэння». У 2020 годзе група была прызнаная ў РФ тэрарыстычнай і забароненая. У 2017 годзе Мінабароны РФ сцвярджала, што аль-Джулані адарвала руку падчас аднаго з удараў расійскіх ВКС.
Падчас перамоваў з аш-Шаарам, другіх за апошнія паўгода, Пуціну давядзецца дамовіцца пра захаванне расійскіх баз у Сірыі, якія апынуліся пад пагрозай пасля падзення рэжыму Асада. Мінулым тыднем сірыйскія ўлады запатрабавалі вываду расійскіх войскаў з базы Камышлы ў сталіцы Сірыйскага Курдыстана, якая з 2019 года служыла ключавым фарпостам для кантролю над паўночным усходам краіны і лагістычным вузлом для перакідкі сіл.
Паводле Reuters, цяпер тэхніка і цяжкае ўзбраенне з Камышлы перакідваюцца на расійскую авіябазу Хмеймім на захадзе краіны. Частка кантынгенту, як чакаецца, вернецца ў Расію.