Аляксандра Герасіменя: Гэта было пытанне сумлення
- 28.01.2026, 18:24
Алімпійская прызёрка расказала пра выбар, эміграцыю і цану сумленнасці.
Аляксандра Герасіменя — выдатная беларуская плыўчыха, трохразовая прызёрка Алімпійскіх гульняў 2012–2016 гадоў, чэмпіёнка свету і Еўропы. З-за сваёй грамадзянскай пазіцыі і крытыкі рэжыму Лукашэнкі яна была вымушаная пакінуць Беларусь і жыве ў эміграцыі. «Радыё Рацыя» пагутарыла з Аляксандрай Герасіменяй пра яе жыццё ў эміграцыі.
— Калі вы зразумелі, што не можаце заставацца ўбаку і мусіце публічна выказацца? Ці быў гэта момант незвароту?
— Падчас прэзідэнцкіх выбараў, бо яны ўжо не раз былі — і нічога не змянялася. У той момант мы якраз з'яжджалі з сям'ёй у адпачынак. І пакуль мы былі там, усё гэта адбылося ў Беларусі, людзі выходзілі на вуліцы. І я сэрцам адчувала, што таксама хачу быць там. Але тады ў мяне быў моцны страх, што калі я цяпер нешта скажу, мяне могуць не пусціць назад. Таму я дачакалася моманту, калі вярнуся дадому. І вось тады ўжо змагла напісаць свой першы пост — пра тое, што я з народам, што падтрымліваю, што трэба нешта мяняць і што я буду да гэтага далучацца. Нейкага аднаго моманту незвароту не было, але я разумела, што гэты выбар трэба зрабіць. Трэба выбраць бок — я проста дачакалася моманту, калі змагу гэта зрабіць.
— Але вы, напэўна, разлічвалі на перамогу? Многія спадзяваліся: выйдзем — і пераможам, і ўсё будзе добра. Тым больш вы чалавек далёкі ад палітыкі, спартсменка, у вас усё складалася вельмі паспяхова. Ці не шкадуеце вы пра свой учынак?
— Вядома, я таксама спадзявалася на гэтую перамогу, як і кожны. Калі мы з'яжджалі, я, вядома, думала, што пройдзе месяц, два, тры, ну, можа, паўгода — і мы вернемся дадому. А як інакш? Калі б мы не спадзяваліся на перамогу, то навошта было выходзіць, шчыра кажучы? Але я зусім не шкадую. Разумееце, гэта ўжо пытанне сумлення, бо для мяне яно важнейшае за нейкія рэчы, кватэры або нешта іншае, чаго можна было чакаць ад гэтай улады. Для мяне важнейшы мой псіхалагічны стан. І калі я зрабіла гэты выбар, я разумела, што можа здарыцца так, што ў мяне нешта адбяруць, нешта адменяць. Пасля таго як маему клубу не далі магчымасці працаваць, я ўжо зразумела, што далей будзе яшчэ горш. Але шляху назад не было. Я ніколі не сказала б: гэта былі мае словы, і я іх забіраю назад. Не. Я іх сказала. Гэта было тое, пра што я думала і чым хацела падзяліцца са сваім народам.
— Чаму вы пакінулі Фонд спартыўнай салідарнасці?
— Гэта таксама пытанне сумлення, таму што ў мяне былі пытанні наконт грошай — як яны размеркоўваюцца, куды ідуць. Многія спартсмены падтрымлівалі нас, былі часткай гэтай ініцыятывы. І менавіта таму я пра гэта кажу. Не павінна быць так, каб адзін або два чалавекі кантралявалі фінансавыя плыні. Так нельга рабіць, бо людзі паддаюцца спакусе, яны не могуць утрымацца ад улады, якая трапляе ім у рукі. І калі я зразумела, што нічога не магу змяніць у гэтай сістэме нават унутры фонду, я проста сышла і адкрыта сказала, што не буду там працаваць, таму што не давяраю гэтым людзям.
— Хто тады ўзначальваў фонд?
— Аляксандр Апейкін.
— Як вы ўладкавалі сваё жыццё тут? Ці займаецеся спортам, ці сталі трэнерам?
— Са спортам як з кар'ераю я скончыла ўжо некалькі гадоў таму. Але тут я працую трэнерам па плаванні. Да мяне прыходзяць розныя людзі — беларусы, украінцы, нават палякі, і дзеці, і дарослыя. Я вельмі люблю сваю працу, бо люблю працаваць з людзьмі, асабліва калі ёсць вынік. Асабліва калі бачыш шчаслівыя твары сваіх вучняў. Я стараюся не толькі вучыць плаваць, але і даць часцінку веры ў сябе, павагі да сябе, каб чалавек адчуваў сябе больш упэўнена не толькі ў басейне, але і ў жыцці.
— Ці звярталіся да вас улады з прапановай вярнуцца дадому?
Аляксандра Герасіменя: Пакуль не, не звярталіся. Яны толькі пішуць мне лісты з прапановай выкупіць уласную кватэру з аўкцыёну. Пішуць: можа, самі выкупіце?
— Што ў вас адабралі, акрамя кватэры?
— Быў дом, які я пабудавала да ад’езду. Але галоўнае — яны не адабралі маю душу і маё сумленне. Для мяне гэта самы важны момант.