У Віцебску на продаж выставілі частку чыгуначнага вакзала
- 28.01.2026, 16:44
На таргі трапіў трохпавярховы адміністрацыйны будынак.
У Віцебску выставілі на таргі адміністрацыйны корпус чыгуначнага вакзала. Аб'ект прадаецца на пляцоўцы «БУТБ-Имущество», а яго пачатковы кошт складае каля 8,2 мільёна рублёў, піша Office Life.
Ідзе гаворка пра трохпавярховы цагляны будынак, пабудаваны ў 1960 годзе. Яго агульная плошча — каля 2,7 тысячы квадратных метраў. Памяшканне цалкам забяспечана інжынернымі камунікацыямі: ёсць электраэнергія, ацяпленне, водазабеспячэнне, тэлефонная сувязь і вентыляцыя.
Акрамя самога будынка, пакупніку прапануюць у арэнду зямельны участак плошчай 0,2706 гектара. Пры гэтым арэнда будзе аформлена без аўкцыёну і без платы за права карыстання зямлёй, а тэрмін вызначаць ужо пры падпісанні дагавора. Мэтавае прызначэнне участка — будаўніцтва і абслугоўванне адміністрацыйных будынкаў і збудаванняў.
Дарэчы, у лістападзе мінулага года гэты ж аб'ект ужо выставлялі на продаж на іншай аўкцыённай пляцоўцы — GosTorg. Праўда, тады цану не называлі, бо арганізатары хацелі толькі ацаніць зацікаўленасць патэнцыйных пакупнікоў.