BE RU EN

The Telegraph: Кітай дапамагае Расіі ствараць ракеты «Арэшнік»

  • 28.01.2026, 16:39

Пастаўкі абсталявання ацэньваюцца больш чым у $10 млрд.

Кітай пастаўляе інструменты і абсталяванне, якія выкарыстоўвае Расія для стварэння гіпергукавых ракет з ядзернымі баягалоўкамі. Пра гэта 28 студзеня паведаміла выданне The Telegraph.

Гаворка, у прыватнасці, пра ракету «Арэшнік», якую армія РФ выкарыстала для ўдару па Дніпры 21 лістапада 2024 года і 8 студзеня 2026-га — па Львове.

Паводле The Telegraph, для вырабу баягалоўкаў, якія могуць усталёўвацца на гэтыя ракеты, выкарыстоўваюць спецыялізаваныя станкі і інструменты, якія перадаў Расіі Кітай. Як піша СМІ, агульны кошт перададзенага абсталявання — $10,3 млрд.

У расследаванні гаворыцца, што галоўную ролю ў павелічэнні вытворчасці ракет адыгрываюць карусельныя такарныя станкі кітайскай вытворчасці. Адзін з іх украінская вайсковая разведка выявіла на заводзе ў расійскім горадзе Воткінск — галоўным прадпрыемстве РФ па вытворчасці ракет. Там, як указвае СМІ, вырабляюць «Арэшнік», а таксама балістычныя ракеты «Іскандэр-М» і міжкантынентальныя балістычныя ракеты «Топаль-М».

Паводле СМІ, кітайскія станкі закуплялі ў велізарных аб'ёмах. Яны падтрымліваюць абаронную вытворчасць Расіі, у прыватнасці ў асаблівай эканамічнай зоне «Алабуга», дзе вырабляюць расійскія версіі іранскіх дронаў Shahed.

Акрамя станкоў, Пекін перадаў Крамлю:

п'езаэлектрычныя крышталі для радараў і РЭБ на $97 млн;

мікрачыпы і платы памяці на $4,9 млрд для высокадакладнай зброі і знішчальнікаў маркі «Сухі»;

шарыкавыя падшыпнікі на $130 млн, крытычна важныя для авіяцыі;

тэлескапічныя прыцэлы на суму $42 млн, якія могуць усталёўвацца на зброю.

Кітай перадаў інструменты, якія Расія або не можа вырабляць сама, або не здольная выпускаць у патрэбных аб'ёмах, адзначыла The Telegraph. Усе яны ўваходзяць у пералік 50 найбольш крытычна важных тавараў, экспарт якіх у Расію забаранілі 39 краін, уключаючы Вялікабрытанію і ЗША.

Апошнія навіны