Улады Гомельшчыны з-за непагадзі адмянілі школьныя аўтобусы
- 28.01.2026, 15:50
Пры гэтым вучэбныя заняткі адмяняць не сталі.
Непагадзь у Беларусі ўнесла свае карэктывы не толькі ў дарожны рух і працу камунальных службаў і энергетыкаў, але нават у адукацыйны працэс. Так, у Гомельскай вобласці, дзе яшчэ напярэдадні быў абвешчаны план «Надвор'е» з-за галалёду, у дзясятках раёнаў давялося адмяніць школьныя аўтобусы. А вось самі заняткі ў школах, на жаль, не адмянілі.
У прэс-службе Гомельскага аблвыканкама паведамілі, што ў аўторак, 27 студзеня, цэнтралізаваны падвоз дзяцей у школу адмянілі ў 12 раёнах вобласці. У сераду, 28 студзеня, школьныя аўтобусы не хадзілі ў сямі раёнах вобласці. Рашэнне аб адмене падвозу, нагадаем, прымаюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ў кожным раёне асобна.
Прычынай адмены школьных аўтобусаў назвалі «пагаршэнне ўмоў надвор'я». А вось падстаў для адмены саміх заняткаў мясцовыя ўлады не знайшлі.
«З улікам санітарных нормаў падставы для адмены вучэбных заняткаў ва ўстановах адукацыі адсутнічаюць», — заявілі ў выканкаме, не ўдакладніўшы, як менавіта дзеці з аддаленых вёсак і пасёлкаў павінны самастойна дабірацца ў такіх няпростых умовах на заняткі і ці паставяць ім прагул, калі яны прапусцяць школу, не знайшоўшы альтэрнатывы школьнаму аўтобусу.