BE RU EN

Ракетны ўдар па Маскве

  • Максім Плехаў
  • 28.01.2026, 19:35

ЗСУ могуць здзівіць.

У сацыяльных сетках неаднаразова з’яўляліся мемы на тэму ракетнага абстрэлу сталіцы расійскіх акупантаў. Амерыканскі «Томагавк» з далёкасцю палёту ад 1500 кіламетраў мог бы даляцець не толькі да Масквы. Праўда, ЗША не плануюць прадастаўляць Украіне гэта далёкабійнае ўзбраенне. Затое напрыканцы мінулага года з’явілася інфармацыя пра серыйную вытворчасць украінскай балістычнай ракеты «Сапсан». Чым яны падобныя і чым адрозніваюцца?

Самая магутная «сякера»

У індзейцаў Паўночнай Амерыкі «томагавкам» называлі баявую сякеру, а слова перакладаецца як «рубіць». З 1970–80-х гадоў гэтае слова часцей асацыюецца з крылатай ракетай з баявой часткай у 450 кілаграмаў і коштам у некалькі мільёнаў (паводле розных звестак, ад двух да пяці мільёнаў долараў). «Томагавк» стала адной з самых вядомых (калі не самай вядомай) у арсенале ВМС ЗША. Яна адзначылася ў многіх ваенных аперацыях — Югаславія, Афганістан, Ірак, Сірыя, Лівія.

Ракета прызначаная для паражэння наземных і марскіх цэляў, дзейнічае на вялікай адстані і высока цэніцца за дакладнасць. Яна ляціць вельмі нізка, выкарыстоўвае сістэму сканавання рэльефу мясцовасці, траекторыю можна карэктаваць ужо пасля запуску. У адрозненне ад той жа ATACMS, якой цяжка манеўраваць у палёце. «Томагавк» эфектыўная пры нанясенні ўдараў па ваенных аб’ектах, сістэмах СПА, камандных пунктах і г. д. Усё гэта неабходна для зніжэння варожага патэнцыялу.

Украінскую ракету назвалі «Сапсан», відавочна, у гонар драпежнай птушкі, якая лічыцца самай хуткай падчас нападу на здабычу, бо развівае хуткасць больш за 300 кіламетраў на гадзіну. Дзяржаўнай праграме, якая займаецца яе распрацоўкай, — пятнаццаць гадоў. Так, справа пачалася задоўга да поўнамаштабнага ўварвання. Гісторыя стварэння «Сапсана» наогул нагадвае шматсерыйны фільм. У ёй ёсць месца актыўным канструктарскім распрацоўкам на пачатку 1990-х, недастатковаму фінансаванню і фактычнаму знаходжанню праекта на паўзе — і, нарэшце, аднаўленню работ пасля пачатку ўварвання.

З вядомых прычын пра характарыстыкі украінскай распрацоўкі амаль няма адкрытай інфармацыі. Высновы пра яе далёкасць, магутнасць і вынікі прымянення можна рабіць, абапіраючыся на каментары ваенных экспертаў, профільных аналітыкаў і заявы чыноўнікаў. Меркаваная далёкасць «Сапсана» — 500 кіламетраў, колькасць выбухоўкі — амаль 500 кілаграмаў, звышгукавая хуткасць (у СМІ пісалі пра магчымасць ляцець больш як у пяць разоў хутчэй за гук). Перахапіць такую ракету складана, а збіць — далёка не са 100-працэнтным вынікам — магчыма толькі з дапамогай спецыялізаваных сістэм супрацьракетнай абароны, якіх у ворага не бязмежная колькасць.

Дацягнуцца да ворага

Паводле розных дадзеных, далёкасць «Томагавка» вагаецца ад 1500 да 2500 кіламетраў. То бок «сякера» цалкам можа даляцець і да Масквы, і да Санкт-Пецярбурга, візуалізаваўшы мару мільёнаў украінцаў. «Дацягнуцца» да заводаў, раскіданых па тэрыторыі варожай дзяржавы, — таго ж Іжэўска з яго заводам Калашнікава або татарстанскай Алабугі, дзе вырабляюць «шахеды». Цікавыя звесткі апублікаваў Інстытут вывучэння вайны (Institute for the Study of War, ISW). Там прыйшлі да высновы, што «Томагавкі» здольныя даляцець амаль да дзвюх тысяч расійскіх ваенных аб’ектаў. Гэта пры варыянце далёкасці 2500 кіламетраў. Пры меншай далёкасці, скажам, у 1600 кіламетраў — яшчэ да больш як 1500 аб’ектаў.

Якія магчымасці «Сапсана»? Калі прэзідэнт Украіны заявіў пра паспяховыя выпрабаванні балістычнай ракеты, ваенныя эксперты ўспомнілі некалькі вядомых выпадкаў. На іх думку, менавіта падчас гэтых аперацый выкарыстоўвалася айчынная распрацоўка. Напрыклад, удар па авіябазе ў Саках на тэрыторыі Крыму, знішчэнне расійскага каманднага пункта на адлегласці 300 кіламетраў і г. д.

Што круцей

Калі гаворка пра магутныя магчымасці «Томагавка» і «Сапсана», трэба ўлічваць палітычны аспект. Калі паглыбіцца ў гэтую гісторыю, украінская ракета ўсё ж мае больш пераваг. Чаму?

Першая перавага — колькасць. Эксперты кажуць, што адчувальны вынік магчымы толькі ў выпадку наяўнасці ва Украіне хаця б некалькіх сотняў ракет. Адзінкі наўрад ці зменяць сітуацыю. У той жа час у ЗША іх не бязмежная колькасць. Звесткі моцна розняцца — ад чатырох да дзевяці тысяч. Амерыканская кампанія Raytheon, якая вырабляе «сякеры», плануе выйсці на планавыя тэмпы вытворчасці ў 600 адзінак на год да 2030-га. І гэта пры ўмове своечасовага фінансавання і доступу да кампанентнай базы. У матэрыяле Financial Times ішла гаворка пра перадачу Украіне (калі гэта яшчэ абмяркоўвалася) ад дваццаці да пяцідзесяці ракет, якія «не зменяць вырашальным чынам дынаміку вайны». Затое «Сапсан» вырабляецца або мог бы вырабляцца серыйна. Тут усё залежыць ад інвестыцый, магутнасцяў прадпрыемстваў і дзяржаўнай палітыкі, а таксама ад працы нашых службаў па пошуку і закупцы адпаведных кампанентаў.

Другая — спецыяльныя ўстаноўкі. «Томагавк» распрацоўвалася для запуску найперш з баявых караблёў. З крэйсерамі і падводнымі лодкамі ў нас, скажам так, складанасці. Дарэчы, на нядаўняй выставе AUSA прадставілі X-MAV — гэта транспартны сродак, распрацаваны для перавозкі цяжкага ўзбраення на вялікія адлегласці. Паводле прагнозаў распрацоўшчыкаў і экспертаў, X-MAV можна выкарыстоўваць для «Томагавка». Таксама ёсць звесткі пра беспілотную наземную платформу для запуску ракет такога тыпу.

Украінскі «Сапсан» запускаюць з наземнай мабільнай пускавой устаноўкі. Тэхнічныя характарыстыкі, дэталі — усё гэта засакрэчана, але хочацца спадзявацца, што колькасць пускавых установак будзе дастатковай.

Трэцяя — абмежаванні прымянення. Яшчэ на этапе магчымай перадачы «Томагавкаў» кіраўніцтва ЗША гаварыла, што Украіна павінна дакладна патлумачыць, для якіх менавіта мэт патрабуецца такое ўзбраенне. Адпаведна — традыцыйны поўны кантроль і пастаянныя ўзгадненні. За час, патрэбны на ўзгадненне пераліку мэт, прыярытэты могуць змяніцца. Аднак з «Сапсанам» сітуацыя зусім іншая. Нам не трэба прасіць, упрошваць, выбачацца і пераконваць, калі мы выкарыстоўваем у барацьбе з ворагам уласны прадукт. І гэта ледзь не самая галоўная «крутасць» «Сапсана».

Я неаднаразова пісаў, што дзяржава і вытворцы павінны надаваць прыярытэт лакалізацыі. Па ўсіх магчымых напрамках — ад адзення і бронекамізэля да разнастайнага далёкабійнага ўзбраення. Гісторыя стварэння «Сапсанаў» і «Нептунаў» даказвае: айчынны ВПК можа прыемна здзівіць і сябе, і партнёраў. Няхай такіх прыкладаў будзе больш.

Максім Плехаў, nv.ua

Апошнія навіны