«Ядзерная дзяржава на драўляных слупах»
- 28.01.2026, 14:19
У Сеціве паказалі, як Расія аднавіла святло ў Мурманску.
Пасля маштабнага блэкаўту ў Мурманскай вобласці, які пакінуў без святла і цяпла сталіцу рэгіёна і базу Паўночнага флоту, улады адрапартавалі пра «аднаўленне энергазабеспячэння». Аднак ЛЭП вырашылі ўсталяваць на драўляных слупах замест нармальных апор, піша «Дыялог».
Мінэнерга РФ заявіла, што першы этап аварыйных работ завершаны. Аднак на апублікаваных відэа відаць звычайныя драўляныя канструкцыі, якія ў нармальных краінах выкарыстоўваюць для дачных ліній, а не для энергазабеспячэння стратэгічнага рэгіёна з базай ВМФ.
Пры гэтым з пяці абрынутых апор замянілі толькі дзве. Астатнія — усё яшчэ ў працэсе. Поўнасцю святло вярнулі толькі ў Мурманску, а ў закрытым Севераморску, дзе знаходзіцца галоўная база Паўночнага флоту РФ, работы працягваюцца.
Фактычна атрымліваецца, што адзін з ключавых ваенных аб'ектаў Расіі, база ядзерных падводных лодак, часова сілкуецца праз інфраструктуру, сабраную ў аўральным рэжыме. Губернатар патлумачыў затрымкі «суровымі паўночнымі ўмовамі» і нават паведаміў, што для ўстаноўкі апор давялося прыцягваць верталёт.