Па ўсёй Беларусі адбыліся маштабныя адключэнні электраэнергіі
- 28.01.2026, 12:02
Перабоі са святлом зафіксавалі ў 227 населеных пунктах.
Моцны снег, парывісты вецер і абледзяненне прывялі да маштабных адключэнняў электраэнергіі па ўсёй краіне. За апошнія суткі перабоі са святлом зафіксавалі ў 227 населеных пунктах. Найбольш пацярпелі Гродзенская, Гомельская і Мінская вобласці.
Асноўная прычына — пашкоджаныя лініі электраперадачы. Правады абрывае з-за наліпання мокрага снегу і льду, расказалі ў «Белэнерга».
Энергетыкі перайшлі на кругласутачны рэжым. Паводле даных на раніцу 28 студзеня, да аднаўлення электразабеспячэння прыцягнутыя 19 аварыйных брыгад — каля 60 спецыялістаў і 20 адзінак тэхнікі. Работы працягваюцца без перапынкаў, сітуацыя адсочваецца ў рэжыме рэальнага часу.
Энергетыкі асобна звяртаюцца да беларусаў з просьбай захоўваць асцярожнасць. Калі вы заўважылі абарваныя або правіслыя правады:
не падыходзьце да іх бліжэй за 8 метраў;
адразу паведамце ў аварыйныя службы па кароткіх нумарах 115 або 144.