У мінчукоў масава лопаюцца батарэі
- 27.01.2026, 20:47
Новая напасць гэтай зімы.
У жыхароў заходніх і паўднёвых раёнаў Мінска — новыя камунальныя праблемы.
Раніцай 27 студзеня ў некаторых пад'ездах шматкватэрных дамоў у Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах лопнулі батарэі, пішуць «Мінск-Навіны».
Праблема закранула шматпавярхоўкі адразу па некалькіх адрасах. Сярод іх — другі пад'езд дома №44 на вуліцы Якубоўскага. На кадрах — ручай гарачай вады, што выцякае проста з пад'езда.
Аўтар відэа кажа, што з-за аварыі людзі не маглі выйсці на вуліцу.
Радыятар на першым паверсе ўначы папросту размарозіўся.
«Ацяпленне ў кватэрах… працуе ў аўтаматычным рэжыме. Цеплазабеспячэнне ажыццяўляецца ў адпаведнасці з тэмпературным графікам і тэмпературай вонкавага паветра», — патлумачылі ў адміністрацыі раёна.
На гэтай жа вуліцы падобную карціну назіралі і жыхары трэцяга пад'езда дома №26/1. Патоп адбыўся таксама па адрасах: Слабадская, 73, Пімена Панчанкі, 62 і Адзінцова, 107 — паўсюль у пад'ездах лопнулі батарэі.
«Уначы мы засталіся без святла. На восьмым паверсе дома прарвала батарэю з гарачай вадой. З сёмай гадзіны раніцы званіла на 115. Аварыйная машына прыехала толькі каля 10:00. Цяпер у адной частцы кватэры батарэі грэюць, у другой — не», — цытуе агенцтва адну з мінчанак.
Яшчэ адзін непрыемны інцыдэнт адбыўся на Маякоўскага, 154.
У трэцім пад'ездзе на ўваходзе таксама лопнула батарэя, ад чаго струмені кіпятку не толькі падтопілі месцы агульнага карыстання, але і пэўны час перашкаджалі медыкам хуткай прайсці ў кватэру па выкліку.
Паведамляецца, што да вечара 27 студзеня мінчане больш за 200 разоў паведамілі пра цечу ў ацяпляльных прыборах у пад'ездах і дапаможных памяшканнях.