Мінчанін купіў дарагі гульнявы ноўтбук і адразу трапіў у заблытаны «квест»
- 27.01.2026, 19:11
Канчатковай «лакацыяй» апынуўся суд.
Мінчанін набыў гульнявы ноўтбук амаль за 7,5 тысячы рублёў, але ён аказаўся з дэфектам, а спроба рамонту толькі пагоршыла сітуацыю. У выніку спрэчка паміж пакупніком і інтэрнэт-крамай дайшла да суда, які абавязаў прадаўца ажыццявіць шэраг выплат і заплаціць штраф. Падрабязнасці справы паведамілі ў прэс-службе Вярхоўнага суда, перадае «Зеркало».
Як вынікае з матэрыялаў справы, у снежні 2024 года мінчанін купіў у інтэрнэт-краме Ultra.by гульнявы ноўтбук за 7499 рублёў. Аднак неўзабаве высветлілася, што ў прыладзе не працаваў модуль Wi‑Fi.
Пакупнік звярнуўся да прадаўца, сэрвісны цэнтр правёў дыягностыку і замяніў няспраўны модуль. Аднак пасля рамонту ноўтбук страціў яшчэ частку характарыстык, на якія мужчына разлічваў пры куплі. Ён накіраваў прадаўцу прэтэнзію з патрабаваннем скасаваць дагавор куплі-продажу і вярнуць выплачаныя грошы, але той не выканаў гэтыя патрабаванні. Тады мінчанін звярнуўся ў таварыства па абароне правоў спажыўцоў, а яно ў ягоных інтарэсах — у суд.
У пазове былі заяўлены патрабаванні аб скасаванні дагавора, вяртанні кошту ноўтбука, спагнанні розніцы ў цане з аналагічным таварам, пені за пратэрміноўку вяртання грошай, кампенсацыі маральнай шкоды, судовых выдаткаў і штрафу.
Ужо пасля падачы пазову адказчык паштовым пераводам вярнуў пазоўніку 7499 рублёў. Нягледзячы на гэта, у судовым пасяджэнні прадстаўнік грамадскага аб’яднання настойваў на разглядзе справы па сутнасці. Прадстаўнік адказчыка прызнаў пазоў часткова.
Рашэннем суда дагавор куплі-продажу быў скасаваны. З адказчыка на карысць пазоўніка спагнаныя пеня за парушэнне тэрміну вяртання грашовых сродкаў у памеры 50 рублёў, кампенсацыя маральнай шкоды ў суме 130 рублёў, а таксама розніца паміж цаной тавару паводле дагавора і цаной аналагічнага тавару на момант задавальнення патрабаванняў — 126,50 рубля. На карысць грамадскага аб’яднання спагнаныя выдаткі на абарону правоў спажыўца ў памеры 1100 рублёў.
Акрамя таго, суд прызначыў штраф у памеры 7499 рублёў: 10% гэтай сумы пералічана грамадскаму аб’яднанню, а 90% — у даход мясцовага бюджэту. Вяртанне кошту ноўтбука суд прызнаў выкананым.
Рашэнне суда не было абскарджана і ўступіла ў законную сілу.