У Гродне дзеці гулялі па замёрзлым Нёмане
- 27.01.2026, 15:46
Мясцовыя жыхары б'юць трывогу.
Чытачы Newgrodno.by знялі іх на відэа і просяць бацькоў прыгледзецца, ці не іх гэта дзеці.
Сёлета зіма сапраўдная, марозная. Шмат вадаёмаў скутыя лёдам.
«Спецыялісты кажуць, што калі яго таўшчыня больш за 7 см, то выходзіць на цвёрдую ваду бяспечна. Але ў выпадку з Нёманам, здаецца, такія метады не заўсёды працуюць», — піша партал.
Рака ў раёне Гродна апошнія некалькі гадоў не замярзае нават у наймацнейшыя маразы. Толькі па краях, дзе цячэнне спакойнае, можна заўважыць ледзяную скарынку.
Мясцовыя падлеткі не пабаяліся праваліцца пад нетрывалы лёд і ў выхадныя прагуляліся ўздоўж берага Нёмана.
Гэта знялі неабыякавыя гродзенцы.
«Магчыма, хтосьці з бацькоў пазнае сваіх дзяцей і правядзе гутарку пра небяспеку такіх гульняў і прагулкаў», — адзначыла чытачка.
Усё адбылося ў раёне Румлёўскага моста з боку жылога масіва па вуліцы Лідскай.