Марс у мінулым быў «блакітнай планетай»
- 27.01.2026, 15:28
Вучоныя выявілі прыкметы велізарнага аб’екта.
Вучоныя прыйшлі да высновы, што мільярды гадоў таму Марс мог быць «блакітнай планетай». Даследаванне паказвае, што палову планеты займаў акіян памерам з сучасны Паўночны Ледавіты акіян на Зямлі.
У ходзе даследавання геамарфалогіі Марса, то-бок вывучэння паверхні планеты і працэсаў, што там адбываюцца, вучоныя выявілі сведчанні існавання старажытных рэк. Гэта адкрыццё сведчыць, што ў мінулым Марс мог быць не цалкам Чырвонай планетай, а часткова «блакітнай планетай» дзякуючы акіяну, які займаў яго паўночнае паўшар’е. Даследаванне апублікавана ў часопісе NPJ Space Exploration, піша Live Science.
Вучоныя правялі дбайны аналіз здымкаў паверхні Марса, зробленых камерамі некалькіх касмічных апаратаў, якія абарачаюцца вакол планеты: Trace Gas Orbiter, Mars Express і Mars Reconnaissance Orbiter.
На здымках найбуйнейшай сістэмы каньёнаў на Марсе, вядомай як Даліна Марынера, вучоныя выявілі рэшткі дэльтаў старажытных рэк. Гэтыя дэльты нагадваюць дэльты рэк на Зямлі, якія ўпадаюць у акіяны. Паводле слоў аўтараў даследавання, яны атрымалі пераканаўчыя доказы існавання берагавой лініі і старажытнага велізарнага акіяна на Марсе.
Астраномы выявілі, як яны лічаць, віялавыя рачныя дэльты, якія ўтвараюцца, калі асадачныя пароды і пясок назапашваюцца ў стаячай вадзе. Структуры на Марсе вельмі падобныя да актыўных віялавых дэльтаў на Зямлі, і на нашай планеце яны ўтвараюцца ў месцах упадзення рэк у акіян.
Разлікі вучоных паказваюць, што гэтыя рачныя дэльты ўтварыліся прыкладна 3,37 мільярда гадоў таму. Улічваючы, што гэтыя структуры знаходзяцца прыблізна на адной вышыні, а таксама ў паўночным паўшар’і планеты, вучоныя сцвярджаюць, што яны адзначаюць межы берагавой лініі старажытнага акіяна.
Верагодна, акіян займаў усё паўночнае паўшар’е Марса і быў прынамсі такі ж вялікі, як сучасны Паўночны Ледавіты акіян на Зямлі.
Хоць сёння Марс з’яўляецца сухой планетай, раней марсаходы і арбітальныя апараты ўжо знаходзілі прыкметы існавання рэк, азёраў і нават мораў на планеце. Але новае даследаванне паказвае, што на Марсе мог знаходзіцца сапраўды гіганцкі вадаём. Вучоныя кажуць, што яны працягнуць даследаванні, каб знайсці яшчэ больш доказаў таго, што ў мінулым Марс мог быць «блакітнай планетай», часткова падобнай да Зямлі па вонкавым выглядзе.