Украіна атрымае дзясяткі мільёнаў еўра для закупкі газу
- 27.01.2026, 13:23
Міністр энергетыкі Дзяніс Шмыгаль раскрыў падрабязнасці.
Украіна атрымае праз інструменты ЕБРР 85 млн еўра, якія будуць выдаткаваныя на закупку дадатковага аб'ёму газу.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Telegram першага віцэ-прэм'ер-міністра — міністра энергетыкі Украіны Дзяніса Шмыгаля.
«85 млн еўра праз інструменты ЕБРР на закупку дадатковага аб'ёму газу для Украіны. Праца над атрыманнем адпаведнага гранта ад адной з еўрапейскіх краін ужо завяршаецца», — заявіў Шмыгаль.
Паводле яго слоў, пра гэта ішла размова падчас гутаркі з прэзідэнткай Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Адзіль Рэно-Басо.
«Праінфармаваў ЕБРР пра цяжкую сітуацыю ў энергасістэме Украіны з-за пашкоджанняў, нанесеных расійскімі ўдарамі. Зараз рамонтныя брыгады працуюць над вяртаннем святла і цяпла. Работы вядуцца кругласутачна», — дадаў ён.
Таксама адзначаецца, што працяг фінансавай падтрымкі з боку ЕБРР украінскіх кампаній «Укрэнерга» і «Укргідраэнерга» дапамагае забяспечваць рамонты, абсталяванне і ўкараняць новыя рашэнні, каб у людзей было святло і цяпло.