Разведка ЗША паведаміла Трампу, што рэжым у Іране знаходзіцца ў найслабейшым стане
- 27.01.2026, 12:58
З часоў рэвалюцыі 1979 года.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп атрымаў шматлікія даклады ад амерыканскай разведкі пра тое, што рэжым у Іране знаходзіцца ў найслабейшай пазіцыі з часоў рэвалюцыі 1979 года.
Пра гэта паведамляе The New York Times са спасылкай на крыніцы.
Паводле звестак разведкі ЗША, пратэсты, што ўспыхнулі напрыканцы мінулага года, пахіснулі некаторыя элементы іранскага ўрада. Дэманстрацыі распаўсюдзіліся на тыя рэгіёны краіны, якія, паводле службовых асоб, былі аплотам падтрымкі вярхоўнага лідара Ірана, аяталы Алі Хаменеі.
Хоць пратэсты ўдалося падавіць, іранскі рэжым застаецца ў складаным становішчы. Разведвальныя даклады ЗША неаднаразова падкрэслівалі, што эканоміка Ірана слабая.
Менавіта эканамічныя цяжкасці і справакавалі масавыя пратэсты ў канцы снежня. Іранскія чыноўнікі ўдаліся да жорсткіх рэпрэсій, што яшчэ больш аддаліла шырокія пласты насельніцтва ад падтрымкі ўлады.
Цяпер амерыканскія вайскоўцы нарошчваюць свае сілы ў рэгіёне, але няясна, якія крокі можа разглядаць адміністрацыя Дональда Трампа.
Па стане на панядзелак, 26 студзеня, авіяносец «Авраам Лінкальн» у суправаджэнні трох вайсковых караблёў, абсталяваных ракетамі Tomahawk, увайшоў у зону адказнасці Цэнтральнага камандавання ЗША ў заходняй частцы Індыйскага акіяна. Паводле вайскоўцаў, калі Белы дом загадае нанесці ўдар па Іране, авіяносец зможа атакаваць краіну цягам аднаго-двух дзён.
Прэзідэнт ЗША раней папярэджваў, што можа нанесці ўдар па Іране з-за ўзмацнення рэпрэсій урада супраць пратэстоўцаў. Аднак яго дарадцы разыходзяцца ў меркаваннях адносна пераваг удараў, асабліва калі гаворка ідзе пра «сімвалічныя» атакі па ўрадавых структурах, датычных да рэпрэсій.