«Пуцін мае класічны цугцванг»
- 27.01.2026, 12:37
Дыпламат патлумачыў, у якую пастку загнаў сябе кіраўнік Крамля.
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін працягвае вайну супраць Украіны да моманту поўнага спусташэння расійскай эканомікі. І калі яна будзе цалкам спустошаная, вайна можа спыніцца, што прывядзе да калапсу пуцінскага рэжыму.
Пра гэта заявіў экс-міністр замежных спраў Украіны Уладзімір Агрызка ў інтэрв'ю OBOZ.UA. Паводле яго слоў, для кіраўніка Крамля гэта спосаб проста адцягнуць уласную катастрофу.
Што будзе з Пуціным, калі ён спыніць вайну
Паводле слоў экс-кіраўніка МЗС Украіны, іншага варыянту ў Пуціна няма, бо супраць яго можа выступіць яго ўласнае атачэнне.
«Скажуць напрамую: ніякіх мэтаў не дасягнулі, краіна ў руінах, такі цар нам не патрэбны. Вось і маем класічны цугцванг. Кожны наступны крок горшы за папярэдні. А фінал у гэтага адзін. Параза. Як кажуць, сцяг яму ў рукі, няхай цягне далей», – сказаў Агрызка.
З гэтай нагоды былы чыноўнік заявіў, што перамовы ў Абу-Дабі могуць быць чарговай пасткай з боку Масквы, бо Крэмль ужо ўнёс у Канстытуцыю РФ тэрыторыю Херсонскай вобласці.
«І калі цяпер яны скажуць: добра, мы спыняемся, то наступным крокам будзе пытанне: а як жа так, атрымліваецца, што Украіна «акупавала» частку Херсонскай і Запарожскай абласцей? Мы ж не можам з гэтым мірыцца, будзем «аднаўляць тэрытарыяльную цэласнасць». І вайна працягваецца далей. Данбас, маўляў, ужо «вырашылі», бо «хахлы адтуль сышлі». Але застаюцца яшчэ дзве вобласці. А потым з'явіцца Мікалаеў. Потым Адэса. Бо гэта ж «Наварасія», «спрадвечна рускія землі», – сказаў былы кіраўнік МЗС і дадаў, што па ключавым палітычным пытанні ніякага прагрэсу няма і не будзе.