Сі Цзіньпін пачаў глабальныя чысткі сярод генералаў: названая схаваная мэта
- 27.01.2026, 9:59
Пасол ЗША ў Кітаі раскрыў цікавыя падрабязнасці.
Прэзідэнт Кітая Сі Цзіньпін выкарыстоўвае чысткі ў вышэйшым ваенным кіраўніцтве не толькі для барацьбы з карупцыяй, але і для ўсталявання поўнага кантролю над узброенымі сіламі, заявіў пасол ЗША ў Кітаі Дэвід Перд'ю у інтэрв'ю Bloomberg.
Амерыканскі дыпламат назваў расследаванне супраць намесніка старшыні Цэнтральнай ваеннай камісіі КНР Чжан Юся «важнай падзеяй». Кітайскія ўлады раней паведамілі, што высокапастаўленага чыноўніка правяраюць па падозры ў «сур'ёзных парушэннях дысцыпліны і закона», не раскрываючы падрабязнасцяў.
Паводле слоў Перд'ю, чысткі ў ваенным кіраўніцтве маюць дваісты характар.
«Я веру яму на слова, што цяпер ідзе барацьба з карупцыяй, што ён спрабуе выправіць дзясяткі гадоў карупцыі ў арміі», – сказаў пасол, маючы на ўвазе Сі Цзіньпіна.
У той жа час ён дадаў:
«З іншага боку, я думаю, што ён пераконваецца, што мае поўны кантроль над сваімі вайскоўцамі».
Расследаванне ў вышэйшым камандаванні
Перд'ю не стаў наўпрост каментаваць паведамленне The Wall Street Journal пра тое, што Чжан Юся нібыта перадаваў ЗША сакрэтную інфармацыю пра кітайскую ядзерную праграму. Прадстаўнік МЗС Кітая заявіў, што не знаёмы з гэтымі сцвярджэннямі.
Пасля серыі расследаванняў, у якіх таксама фігураваў начальнік Аб’яднанага штаба Лю Чжэньлі, у складзе сямічленнай Цэнтральнай ваеннай камісіі Кітая, паводле даных дыпламатаў, засталося толькі два чальцы.