BE RU EN

Reuters: Цэны на расійскую нафту для Індыі абрынуліся да гістарычнага мінімуму

  • 26.01.2026, 23:41

Urals у лютым прадавалася са зніжкай $10 за барэль.

Флагманскі гатунак расійскай нафты з пастаўкай у індыйскія парты ў наступным месяцы прадаваўся з найбольшымі зніжкамі адносна эталоннай нафты Brent з 2022 года. Пра гэта піша Reuters.

Паводле даных галінавых крыніц, нафта Urals з пастаўкай у Індыю ў лютым прадавалася са зніжкай $10 за барэль. Дысконт павялічыўся на $3–5 у параўнанні з пастаўкамі восенню 2025 года і наблізіўся да найвышэйшага за ўсю гісторыю назіранняў.

Нафта Urals была ключавай сыравінай для індыйскіх нафтаперапрацоўшчыкаў з 2023 года, калі Расія пераарыентавала пастаўкі ў Азію пасля таго, як Еўрапейскі саюз абмежаваў выкарыстанне расійскіх энергарэсурсаў.

Трэйдары адзначаюць, што танная Urals, з аднаго боку, можа прыцягнуць увагу індыйскіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Але з другога, Нью-Дэлі пакуль шукае альтэрнатыву пастаўкам з Расіі праз ціск ЗША.

Добра інфармаваныя аб сітуацыі крыніцы агенцтва кажуць, што Indian Oil Corp — найбуйнейшы нафтаперапрацоўшчык краіны — набыла 7 млн барэляў нафты, у тым ліку ў бразільскай Petrobras, з пастаўкай у сакавіку для замяшчэння расійскай нафты.

Са снежня 2025 года, пасля ўступлення ў сілу амерыканскіх санкцый супраць Лукойла і Раснафты, Індыя зменшыла імпарт Urals. Затое Кітай рэзка нарасціў пастаўкі гэтага гатунку на свае НПЗ.

Індыя скарачае імпарт сыравіны з Расіі, імкнучыся да гандлёвай здзелкі з ЗША; да таго ж кампаніі спрабуюць дыверсіфікаваць закупкі на фоне няпэўнасці. Дадатковым аргументам сталі намёкі міністра фінансаў Скота Бэсента аб магчымай адмене дадатковых 25% мытных пошлін для Індыі пасля рэзкага скарачэння індыйскага імпарту расійскай нафты.

Апошнія навіны