Чаму гадзіннікі ў мінскім метро паказваюць дзіўны час
- 26.01.2026, 15:55
Аказваецца, ён «не для пасажыраў».
У прэс-службе мінскага метро нарэшце патлумачылі адно з пытанняў, якое калі-небудзь задаваў сабе кожны пасажыр сталічнай падземкі — чаму гадзіннікі на станцыях паказваюць час з моманту адпраўлення папярэдняга цягніка. Многія лічаць такія даныя бескарыснымі.
Высветлілася, што гэтыя гадзіннікі, афіцыйна названыя «інтэрвальнымі», прызначаныя зусім не для пасажыраў, а для машыністаў. Яны дапамагаюць машыністам дакладна адсочваць час адпраўлення папярэдняга саставу і карэктна адправіцца са станцыі, каб выконваць строгі графік руху. Дарэчы, гэты графік існуе і месцамі даступны для публічнага прагляду.
Паводле прэс-службы метро, інтэрвальныя гадзіннікі служаць «інструментам забеспячэння бяспекі і дакладнасці руху цягнікоў». Машыніст арыентуецца на іх, каб:
адпраўляцца са станцыі своечасова і не затрымліваць пасадку і высадку пасажыраў;
карэктаваць хуткасць цягніка ў выпадку адставання ад графіка;
павялічваць інтэрвал паміж сваім саставам і тым, што ідзе наперадзе, калі дыстанцыя скарачаецца, забяспечваючы бяспечную дыстанцыю.
Чаму ж на станцыях няма табло, якое паказвае пасажырам дакладны час да наступнага цягніка, у прэс-службе не патлумачылі.