Французскі кот згубіўся ў Іспаніі і прайшоў 250 кіламетраў да дому
- 26.01.2026, 12:52
Філу вяртаўся чатыры месяцы.
Чорна-белы кот па мянушцы Філу стаў у Францыі сапраўднай зоркай пасля таго, як, згубіўшыся на аўтастрадзе ў Каталоніі, ён прайшоў 250 кіламетраў, каб вярнуцца ў французскі рэгіён Эро, у вёску, суседнюю з той, дзе жывуць ягоныя гаспадары, піша «Вакол свету».
Філу знік вечарам 9 жніўня 2025 года, калі яго гаспадары, якія вярталіся з праведзенага ў Каталоніі адпачынку, Патрык і Эвелін Сір, спыніліся на запраўцы ў Масанет-дэ-ла-Сельва, паміж Барселонай і Жыронай. Па словах Патрыка, каб выбрацца вонкі, Філу, верагодна, скарыстаўся адкрытым акном у аўтадоме.
Патрык і Эвелін заўважылі знікненне ката толькі раніцай наступнага дня і вярнуліся на запраўку. Яны спрабавалі адшукаць Філу, падалі заяву ў паліцыю, развесілі паўсюль ягоныя фатаграфіі, дбайна абшукалі наваколле, але ўсё было дарэмна. Урэшце, кажа Эвелін, давялося змірзіцца з тым, што яны больш ніколі не ўбачаць Філу, і вярнуцца дадому, у вёску Олонзак недалёка ад Нарбоны.
Аднак 8 студзеня ў дзверы да Сіраў пастукала Элен Тиссейр, дырэктарка школьнай сталовай у суседняй вёсцы Он, і паведаміла, што Філу ўжо месяц жыве ў яе. Паводле слоў Элен, яна ўбачыла ката ля сваіх варот на пачатку снежня. Ён быў вельмі худы, слабы, скура ды косці. Элен пачала яго карміць, і, урэшце, ён згадзіўся зайсці ў дом. На пачатку студзеня яна адвезла ката да ветэрынара, бо той кашляў. Высветлілася, што ў ката ўшыты мікрачып. Так удалося даведацца ягонае імя і адрас ягонай сям’і ў Олонзаку.
«Ён чакаў нас за дзвярыма. Гэта быў неверагодна эмацыйны момант і для нас, і для Элен», — узгадвае Патрык.
Такім чынам, Філу за чатыры месяцы перасек іспана-французскую мяжу, пераадолеў прыкладна 250 кіламетраў, што падзяляюць Масанет-дэ-ла-Сельва і Он, і ўжо месяц жыў усяго за кіламетр па прамой ад роднага дома.
Цяпер Патрык і Эвелін спрабуюць зразумець, як магло здарыцца гэтае дзіва, і хочуць знайсці тых, хто мог сустрэць Філу на яго доўгім шляху. «Мы хочам прайсці па слядах Філу і шукаем людзей, якія маглі яго бачыць, дапамагаць яму або даваць яму прытулак», — кажа Эвелін. Бо ў Філу ёсць усе якасці на свеце, апроч, напэўна, здольнасці распавядаць пра свае падарожжы.