Беларусь пры Лукашэнку «стабільна» гандлюе ў страту
- 26.01.2026, 10:59
Дэфіцыт знешняга гандлю таварамі і паслугамі — ужо мінус $1,31 мільярда.
Дэфіцыт знешняга гандлю Беларусі таварамі і паслугамі склаў $1,31 млрд у студзені–лістападзе 2025 года, паведамляе Нацбанк. За лістапад дэфіцыт павялічыўся на $253 млн, перадае «Белсат».
Дэфіцыт знешняга гандлю рос у студзені–лістападзе, паколькі Беларусь актыўней купляла за мяжой, чым прадавала туды. Экспарт тавараў і паслуг у студзені–лістападзе вырас на 2,7% у параўнанні з аналагічным перыядам 2024 года і склаў $46 млрд 545 млн. Пры гэтым імпарт вырас на 3,6% да $47 млрд 855 млн.
Знешні гандаль цягне ўніз гандаль таварамі. Іх продажы за мяжу скараціліся на 0,5% да $36 млрд 201 млн, а пакупкі за мяжой выраслі на 2,8% да $41 млрд 194 млн.
Дэфіцыт гандлю таварамі павялічыўся на 34,3% і склаў $4 млрд 993 млн.
З экспартам паслуг сітуацыя традыцыйна лепшая. Ён у студзені–лістападзе павялічыўся на 15,4% да $10 млрд 343 млн. Імпарт паслуг вырас на 8,9% да $6 млрд 661 млн. Прафіцыт гандлю паслугамі вырас на 29,5% і склаў $3 млрд 682 млн.
Адмоўнае гандлёвае сальда Беларусі расце ў выніку зніжэння попыту на беларускія тавары, у тым ліку ў Расіі. Экспарт у ЕС увогуле абрынуўся з-за санкцый.