Перамогшы ў матчы з тай-брэйкам, Сабаленка выйшла ў 1/4 фіналу Australian Open
- 26.01.2026, 10:25
Беларуска згуляе з амерыканкай сербскага паходжання Івай Ёвіч.
Першая ракетка свету Арына Сабаленка працягвае паспяхова выступаць на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі па тэнісе, піша betnews.by.
А.Сабаленка (N1 WTA, Беларусь) — В.Мбоко (N16 WTA, Канада) — 6:1, 7:6 (7:1)
Матч беларускай з 19-гадовай канадкай Вікторыяй Мбоко, якая на нядаўнім турніры WTA ў Аделаідзе саступіла толькі ў фінале (расіянцы Міры Андрэевай), цягнуўся паўтары гадзіны.
Лёгка ўзяўшы першы сет, у другім Сабаленка двойчы прайграла сваю падачу і саступала 5:6. Аднак урэшце яна зраўняла лік і давяла справу да тай-брэйка, на якім не пакінула юнай суперніцы ніякіх шанцаў.
Такім чынам, Арына абнавіла ўласны рэкорд для турніраў «Вялікага шлема», давёўшы серыю выйграных тай-брэйкаў да 20.
У чвэрцьфінале Сабаленка сустрэнецца з амерыканкай Івай Ёвіч (N27 WTA), якая лёгка перамагла казахстанку Юлію Путынцаву (N94 WTA) — 6:0, 6:1.