«Найважнейшая апора» Лукашэнкі вось-вось рухне
- Васіль Верас, «Салідарнасць»
- 26.01.2026, 8:15
І гэта «заслуга» найперш самога дыктатара.
«Айчынная навука па праве з'яўляецца стратэгічным рэсурсам апераджальнага развіцця і найважнейшай апорай нацыянальнай эканомікі і грамадства, — сказана ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі з Днём беларускай навукі. — Галоўны акцэнт зроблены на захаванні інтэлектуальнага патэнцыялу нацыі…». А ці так?
Два месяцы таму тагачасны міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў усім паказаў, наколькі важная навука для цяперашніх уладаў. 0,28% ВУП складуць выдаткі на навуку ў 2026-м.
Шмат гэта ці мала? Нядаўна блізкі да расійскага кіраўніцтва Цэнтр макраэканамічнага аналізу і кароткатэрміновага прагназавання патлумачыў, чаму РФ аказалася ў групе тэхналагічных аўтсайдараў:
«Расія належыць да невялікай групы краін з нізкімі (каля 1% ВУП) і, што яшчэ радзей, — са зніжаючыміся выдаткамі на НДВКР [навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія працы]».
Так, НДВКР фінансуюцца не толькі з бюджэту. Але нават паводле аптымістычных разлікаў у Беларусі гэты паказчык вагаецца каля 0,5%.
А што ў іншых? Краіны, што ўваходзяць у ТОП-30 па НДВКР, маюць ад 1,5% і вышэй. То-бок аддаюць мінімум утрая большую долю пірага.
Расіяне, дарэчы, здзівіліся, што адстаюць не толькі ад сусветных лідараў, але і ад краін, на якія звыклі паглядаць зверху ўніз. Паліттэхнолаг Ігар Дзімітрыеў наракае:
«Падалося дзіўным: ну добра, загніваючы Захад моцны ў навуцы, але Бразілія — краіна фавелаў і дзікіх малпаў!
Палічыў. Пры названай долі гэта ў Расіі прыблізна 18 млрд долараў на год, тады як Бразілія са сваімі 1,2–1,3% ВУП атрымліваецца, што траціць 24–27 млрд. Вырашыў разабрацца — і высветліў, што ў Бразіліі ўстойлівы набор працуючых інавацыйных галін.
Авіяцыя: Embraer — трэці ў свеце вытворца грамадзянскіх самалётаў пасля Boeing і Aerobus, заняў нішу рэгіянальнай авіяцыі і бізнес-джэтаў. Гэта не «імпартазамяшчэнне», а ўласная інжынерная школа і серыйная вытворчасць. Ваенная авіяцыя ёсць, але асновай бізнесу застаецца грамадзянская.
Аграбіятэхналогіі: Embrapa за некалькі дзесяцігоддзяў ператварыла трапічныя саваны ў адну з самых прадуктыўных сельскагаспадарчых зон свету. Новыя сарты, апрацоўка глебы, аграінжынерыя — дзякуючы гэтаму Бразілія стала аграэкспартнай дзяржавай.
Цяжкая інжынерыя: Petrobras — адзін са сусветных лідараў па глыбакаводнай здабычы. Бурэнне на экстрэмальных глыбінях (2000+), уласныя тэхналагічныя рашэнні, міжнароднае прызнанне. Так, дзяржаўная кампанія, з карупцыйнымі скандаламі, але з моцным інжынерным ядром.
Альтэрнатыўная энергетыка: біаэтанол з цукровага трыснёгу. Гэта не проста «зялёны эксперымент». Нацыянальная тэхналагічная праграма Proálcool працуе з 1970-х, зніжае залежнасць ад імпарту паліва. Сёння каля 90% новых аўтамабіляў у краіне ідуць з рухавікамі flex-fuel.
Фінтэх і лічбавыя сэрвісы — у Расіі гэтым таксама прынята хваліцца. Pix фактычна выціснуў наяўныя і карты за пару гадоў пасля запуску ў 2020 годзе. Nubank стаў самым буйным лічбавым банкам па-за ЗША і Кітаем.
Яшчэ ёсць касмічная праграма, фарма, вакцыны, трапічная медыцына.
Тут варта аддаць належнае левым: многія інавацыйныя платформы атрымалі вырашальны імпульс менавіта пры сацыялістычных урадах Лулы да Сілва і Дылмы Русэф — выдаткі на навуку раслі, федэральныя ўніверсітэты атрымлівалі фінансаванне, пашыраліся даследчыя праграмы. Правы прэзідэнт Балсанару ў 2019–2022 гадах, наадварот, рэзка скарачаў бюджэты на навуку і адукацыю, замарожваў гранты і канфліктаваў з універсітэцкай супольнасцю. Цяпер Лула абяцае ўсё аднавіць…
Таму фраза «нават у Бразіліі выдаткі на НДВКР вышэйшыя, чым у Расіі» — гэта зусім не жарт. Яшчэ больш паказальна, што Расію па выдатках на НДВКР ужо абагнала Турцыя — пры меншай эканоміцы. А ў патыліцу дыхаюць Тайланд і Інданезія, якія нарошчваюць інвестыцыі ў навуку і тэхналогіі. То-бок маячыць адставанне не проста ад развітых краін, а ад краін Глабальнага Поўдня, якія мы раней пагардліва называлі «тымі, што развіваюцца»…»
А Лукашэнка тым часам сцвярджае, што «на этапе станаўлення маладой беларускай суверэннай дзяржавы мы выбралі навуку як адзін з прыярытэтаў сваёй працы», і заяўляе, што на гэтую сферу выдзяляюцца «грошы нямалыя». Ну-ну.
Сапраўды сур'ёзныя сродкі кіраўнік выдзяляе на сваіх сілавікоў: больш як 6,7 млрд рублёў у 2026-м. На навуку — 827 мільёнаў. Расстаноўка прыярытэтаў бачная вельмі выразна.
І пры гэтым Лукашэнка пралівае крокадзілавыя слёзы: «Без навукі далейшага развіцця не будзе. Мы адстанем, спынімся, упадзём, а тыя, хто ідзе за намі, нас растапчуць».
Грошы, вядома, не адзіны фактар. Але вельмі наглядны.
На вялікі жаль, Беларусь ужо даўно адстала ў навуцы ад многіх і многіх. І гэта «заслуга» найперш самога Лукашэнкі.
Васіль Верас, «Салідарнасць»