Украінская тэнісістка раскрытыкавала Gucci за супрацоўніцтва з Сабаленкай
- 25.01.2026, 22:14
Аляксандра Алейнікава назвала беларуску «прыхільніцай крывавага дыктатара».
Украінская тэнісістка Аляксандра Алейнікава пракаментавала навіну пра тое, што італьянскі модны дом Gucci пачаў супрацоўніцтва з першай ракеткай свету з Беларусі Арынай Сабаленкай.
Алейнікава абвінаваціла Gucci ў ігнараванні вайны Расіі супраць Украіны пры падтрымцы Беларусі, падкрэсліўшы, што супрацоўніцтва з прыхільнікамі дыктатарскіх рэжымаў абясцэньвае чалавечыя жыцці.
«Прыхільніца крывавага дыктатара становіцца амбасадарам прэстыжнага брэнда… Што не так з гэтым светам і ў які момант людзі пачалі цаніць магутныя падачы і форхэнды, забываючыся на зруйнаваныя жыцці?» — напісала Алейнікава ў Instagram Stories.
Раней Аляксандра ў каментары французскаму выданню L'Équipe заявіла, што лічыць непрымальным допуск расійскіх і беларускіх спартсменаў да спаборніцтваў. Яна прывяла прыклад Сабаленка, якая ў 2020 годзе падпісала ліст у падтрымку дыктатара Аляксандра Лукашэнкі падчас пратэстаў у Беларусі. Сабаленка адказала, што не хоча абмяркоўваць палітыку.
Пасля пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі Сабаленка ўхілялася ад прамых адказаў на пытанні пра вайну і адкрыта не асуджала дзеянні сваёй краіны або РФ; казала, што не хоча каментаваць палітыку. У 2023 годзе беларуска заявіла: «Я не падтрымліваю вайну, а значыць, не падтрымліваю Лукашэнку цяпер».