Былы кіраўнік Офіса Прэзідэнта Украіны Ермак аднавіў адвакатскую дзейнасць
- 25.01.2026, 18:48
Раней ён заяўляў, што пойдзе на фронт.
Былы кіраўнік Офіса Прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак 23 студзеня аднавіў права на ажыццяўненне адвакатскай дзейнасці, паведамляецца на сайце Нацыянальнай асацыяцыі адвакатаў Украіны.
«Права на ажыццяўненне адвакатскай дзейнасці адноўлена згодна з п. 1 ч. 4 арт. 31 Закона Украіны «Аб адвакатуры і адвакатскай дзейнасці» з 23.01.2026 на падставе заявы адваката», — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле звестак Адзінага рэестра адвакатаў, Кіеўская гарадская кваліфікацыйна-дысцыплінарная камісія адвакатуры выдала Ермаку пасведчанне аб праве на ажыццяўненне адвакатскай дзейнасці ў снежні 1995 года. Ён спыніў гэтую дзейнасць 20 снежня 2020 года, калі ўзначаліў ОП. Да таго часу ў яго быў амаль 25-гадовы досвед адвакатскай дзейнасці, перадае «Зеркало недели».
Пасля вобшукаў НАБУ ў доме Ермака СМІ паведамлялі, што ён нібыта «сыходзіць на фронт». Аднак у Мінабароны Украіны адказалі, што Ермак не звяртаўся ў ТЦК, каб праходзіць ваенную службу.
Ермак фігуруе на «плёнках Міндзіча» пад псеўданімам «Алі Баба». У прыватнасці, ён удзельнічаў у пасяджэннях і даваў указанні адносна таго, як ціснуць на НАБУ і САП.
Падчас пасяджэння парламенцкай ВСК 15 студзеня дырэктар Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Украіны Сямён Крывонос і кіраўнік Спецыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры Аляксандр Кліменка заявілі, што падазрэнні Ермаку наконт «Мідаса» пакуль не ўручалі.
Згодна з законам «Аб адвакатуры і адвакатскай дзейнасці», а таксама нормамі Крымінальнага працэсуальнага кодэкса Украіны, паведамляць пра падазрэнне адвакату маюць права толькі генпракурор, яго намеснік або кіраўнік абласной пракуратуры.
У законе пазначана, што хадайніцтва аб правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў або следчых дзеянняў адносна адваката павінен падаваць генеральны пракурор, яго намеснік, пракурор Кіева або вобласці.