BE RU EN

Прэзідэнты Літвы, Польшчы і Украіны ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863–1864 гадоў

  • 25.01.2026, 17:21

Фотарэпартаж.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і першая лэдзі Алена Зяленская прыбылі ў Вільнюс 25 студзеня, каб ушанаваць памяць паўстанцаў 1863–64 гадоў. Іх прыняў у прэзідэнцкім палацы прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа разам з першай лэдзі Дыянай Наўседзене, перадае «Белсат».

Падчас афіцыйнай цырымоніі Зяленскіх віталі з ганаровай вартай і аркестрам. Першая пара традыцыйна распісалася ў кнізе гасцей прэзідэнта Літвы.

Зяленскі прыбыў у Вільнюс у свой дзень нараджэння: сёння яму споўнілася 47 гадоў.

Украінская і літоўская дэлегацыі, як перадае Delfi, абмеркавалі ход мірных перамоваў, гарантыі бяспекі і далейшую вайсковую падтрымку Украіны, а таксама тэрміновыя патрэбы Украіны ў дачыненні да супрацьпаветранай абароны і двухбаковае супрацоўніцтва ў сферы абароннай прамысловасці. Наўседа падкрэсліў, што Літва застаецца сярод самых актыўных прыхільнікаў Украіны: агульная вайсковая падтрымка ўжо перавысіла мільярд еўра.

Невзабаве ў Літву прыбылі прэзідэнт Польшчы Кароль Навроцкі з першай лэдзі Мартай Навроцкай. Іх сустракалі гэтак жа, як Зяленскіх: з ганаровай вартай і аркестрам.

25 студзеня плануецца сустрэча прэзідэнтаў Польшчы і Літвы, сумесны ўдзел трох прэзідэнтаў у набажэнстве і ўрачыстасцях, прысвечаных гадавіне паўстання 1863–64 гадоў, і сумесная прэс-канферэнцыя. Урачыстасці пройдуць на могілках Росы, дзе пахаваныя ўдзельнікі паўстання, уключаючы Кастуся Каліноўскага.

Прэзідэнт Польшчы ўжо ўшанаваў памяць паўстанцаў: днём раней ён прыняў удзел у цырымоніі ў Варшаўскай цытадэлі. Там ён адзначаў, што паўстанцы ў 1863–64 гадах змагаліся за супольны дом «палякаў, ліцвінаў і русінаў», а пралітая тады кроў «і па сённяшні дзень умацоўвае нашае пачуццё незалежнасці і суверэнітэту».

Па запрашэнні Навроцкага ў цырымоніі ў Варшаве ўдзел узяла Святлана Ціханоўская.

Апошнія навіны