BE RU EN

Зяленскі падзякаваў беларускім добраахвотнікам, якія змагаюцца за незалежнасць Украіны

  • 25.01.2026, 16:14

Тое, за што змагаўся Кастусь Каліноўскі, застаецца актуальным і для сённяшняй Беларусі.

Прызначэнне чатырох народаў — украінцаў, палякаў, літоўцаў і беларусаў — быць разам, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, выступаючы 25 студзеня ў Вільні на цырымоніі памяці ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў.

Частку сваёй прамовы ён прысвяціў Беларусі, адзначыўшы, у прыватнасці, што краіна сёння «вымушаная існаваць як расійскае генерал-губернатарства».

Паводле слоў Зяленскага, тое, за што змагаўся Кастусь Каліноўскі, застаецца актуальным і для сённяшняй Беларусі. «Сапраўдную незалежнасць» беларусам «яшчэ належыць здабыць», — дадаў украінскі лідар.

У 2020 годзе, падкрэсліў ён, у беларусаў быў шанец, аднак іх падтрымка тады «была недастатковай».

Гаворачы пра залежнасць Беларусі ад РФ, кіраўнік украінскай дзяржавы заявіў, што аператары расійскіх баявых дронаў «дзейнічаюць супраць Украіны ў тым ліку з беларускай тэрыторыі». «Расія выкарыстоўвае Беларусь як палігон для шантажу Еўропы і свету «Арэшнікамі». Прамысловасць Беларусі працуе на расійскую вайну, а гандлёвыя сувязі Беларусі дапамагаюць Пуціну купляць кампаненты, неабходныя для стварэння пагрозаў у дачыненні да ўсіх у Еўропе», — адзначыў Зяленскі.

«Паўстанне беларусаў павінна было перамагчы ў 2020 годзе, і тады адтуль не было б пагроз. Еўропа і свет мусілі падтрымаць паўстаўшы народ, і тады гісторыя была б іншай — больш бяспечнай», — сказаў Зяленскі.

Звяртаючыся да беларусаў, ён падкрэсліў: «Вы — еўрапейскі народ, які будзе разам з усімі нашымі народамі ў адзінай, вольнай Еўропе. Еўропе мірнай, моцнай. Вас нельга выкрасліць».

Таксама палітык падзякаваў беларускім добраахвотнікам, якія змагаюцца за незалежнасць Украіны і «гістарычны шанец для сваёй дзяржавы».

У ўрачыстых мерапрыемствах у Вільні, прысвечаных памяці ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў, удзельнічаюць прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, прэзідэнт Польшчы Кароль Навроцкі, Святлана Ціханоўская і іншыя палітыкі.

Апошнія навіны