Z-ваенкар шчыра распавёў пра тое, чым насамрэч з’яўляецца армія РФ
- 25.01.2026, 14:45
Рэзкая і шчырая ацэнка.
Расійскі Z-валанцёр Сяргей Аліеў пасля паездкі на фронт даў надзвычай рэзкую і шчырую ацэнку стану расійскай арміі.
Ён назваў салдат РФ людзьмі з «свядомасцю найміта», для якіх вайна — толькі спосаб заробку або задавальнення цёмных інстынктаў. Пра гэта паведамляе Dialog.UA.
Z-блогер, які актыўна падтрымліваў дзеянні Расіі, падзяліўся назіраннямі, што разбураюць звыклыя прапагандысцкія вобразы.
Паводле яго слоў, у ЗС РФ нічога не змянілася да лепшага: бяссэнсоўныя «мясныя штурмы» працягваюцца, а часам іх становіцца нават больш. Салдаты не разумеюць ні стратэгічных задач, ні агульнага сэнсу таго, што адбываецца.
«Праехаліся мы па падраздзяленнях. Усё тое самае! Не хачу засмучаць, але нічога не мяняецца. «Мясныя штурмы» як былі, так і ёсць, можа, нават на павелічэнне пайшлі. Разумення, куды мы ідзём і што робім, як не было, так і няма», — распавёў Аліеў.
Ён параўнаў сучасных расійскіх вайскоўцаў з наймітамі, якім абыякава, дзе менавіта ваяваць.
«Свядомасць найміта» я гэта называю… Ім усё роўна што Данбас, што Курскі і Белгарадскі напрамак, што Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка! Ім гэта ўсё адно! Галоўнае — дзе большы заробак», — падкрэсліў валанцёр. Паводле яго назіранняў, людзі ідуць на вайну не з патрыятызму або веры ў ідэю, а праз даўгі, крэдыты і жыццёвыя праблемы. Сярод іх сустракаюцца і тыя, хто шукае магчымасць беспакарана праяўляць жорсткасць. «Людзі ідуць не за радзіму, не за ідэю… Даўгі, крэдыты, праблемы. У некаторых проста жаданне крыві, ёсць і такія. Бо можна дазволіць сабе тое, за што ў мірны час можна атрымаць крымінальны тэрмін, а там гэта ўсё — калі ласка. Хтосьці ідзе памарадзёрнічаць», — заявіў Аліеў.
Такія прызнанні ад прыхільніка «СВА» падкрэсліваюць глыбокі крызіс матывацыі ў расійскай арміі.