У Львове ўшанавалі памяць героя Беларусі і Украіны Міхаіла Жызнеўскага
- 25.01.2026, 13:08
Урачыстасці прайшлі ў «Доме Свабоднай Беларусі».
У пятніцу ў «Доме Свабоднай Беларусі» ў Львове ўшанавалі памяць Міхаіла Жызнеўскага і беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі, абараняючы Украіну ад расейскай агрэсіі, перадае «Радыё Свабода».
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел дэпутаты Рады, прадстаўнікі беларускай грамады і грамадскія дзеячы.
Загінулых ушанавалі хвілінай маўчання. Святар адслужыў паніхіду. Адбыўся паказ фільму пра Міхаіла Жызнеўскага. Выступілі дэпутаты Львоўскага абласнога савета.
У «Доме Свабоднай Беларусі» цяпер захоўваецца і помнік Міхаілу Жызнеўскаму, які першапачаткова стаяў на месцы ягонай гібелі ў Кіеве. Тут таксама можна пабачыць рэчы, узнагароды, лісты іншых загінулых герояў.
Дэпутат Кацярына Кеньо падзялілася ўспамінамі пра пахаванне Міхаіла: «Мы разумелі, што ідзе барацьба за праўду, за волю, за святло. На пахаванне Міхаіла Жызнеўскага прыйшлі тысячы людзей. Тады мы ўсвядомілі, што свабоду не спыніць».
Прадстаўнік Упаўнаважанага Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека ў Львоўскай вобласці Тарас Падвірны распавёў, што робіцца для легалізацыі беларускіх добраахвотнікаў: «Разам з імі працуем над тым, каб ліквідаваць юрыдычныя перашкоды для іх знаходжання ва Украіне. Летась мы перадалі ў МУС 25 спраў, і цяпер гэтыя пытанні абмяркоўваюцца на найвышэйшым узроўні».
Беларускія актывісты Львова прапаноўвалі ўсталяваць помнік Жызнеўскаму ў адным з львоўскіх сквераў. Але ў нядаўнім інтэрв’ю «Свабодзе» мэр горада Андрэй Садовы сказаў, што помнік пакуль ставіць не будуць:
«Ідэя цікавая, але падчас вайны мы прыпынілі ўсталяванне помнікаў. Мы ўшаноўваем тых, хто аддаў сваё жыццё сёння ў гэтай вайне, падтрымліваем сем’і, прымаем шмат параненых, вельмі шмат перасяленцаў, гэта наш сённяшні прыярытэт. А калі будзе перамога, тады будзем размаўляць. Усяму свой час».