Паселішча на рацэ Менцы пачало развівацца ў першым дзесяцігоддзі X стагоддзя
- 24.01.2026, 16:35
Беларускія вучоныя пабудавалі храналогію гадовых кольцаў дуба.
Беларускія вучоныя пабудавалі храналогію гадовых кольцаў дуба MNK01, якая ахоплівае 170 гадоў — перыяд з 828 па 997 год. Дрэва было знойдзена падчас раскопак тысячагадовай сцяны старажытнага Мінска, якая стаяла на рацэ Менцы.
Дэндрахраналагічны аналіз выявіў «працяглы перыяд зніжэння сінхроннасці росту сярод дрэў, які цягнуўся прыблізна з 910 па 980-я гады». Пра гэта піша канал «De facto. Беларуская навука».
«Наяўнасць асінхронных рэзкіх змяненняў росту і пашкоджанняў, якія ўзнікаюць на розных дрэвах у розны час на працягу гэтага інтэрвалу, сведчыць пра ўплыў дзейнасці чалавека на лес. Гэтыя заканамернасці могуць сведчыць пра тое, што паселішча на рацэ Менцы пачало развівацца ў першым дзесяцігоддзі X стагоддзя», — прыйшлі да высновы вучоныя.
Пра сваё адкрыццё група беларускіх вучоных — Максім Ярмохін, Віталь Моцны, Віталь Лукін, Аляксандр Пугачэўскі, Андрэй Войцеховіч — піша ў новым нумары часопіса Dendrochronologia.
Дзякуючы дэндрахраналагічнаму аналізу раней стала вядома, што дубы для пабудовы гарадзішча на Менцы былі зрублены паміж другой паловай 997 года і ранняй вясной 998 года.