У Беларусі стварылі сэрвіс для пошуку хатніх жывёл
- 23.01.2026, 20:43
Як ён працуе.
У Беларусі запусцілі інавацыйны сэрвіс для хуткага пошуку згубленых хатніх любімцаў. Яго аснова — разумны брэлок з QR-кодам, які не патрабуе падзарадкі і дазваляе адшукаць жывёлу яшчэ да таго, як яна паспее спалохацца і ўцячы, паведамілі «Мінск-Навіны».
Прынцып працы сэрвісу даволі просты: калі хатні любімец згубіўся, любы мінак можа адсканіраваць QR-код на брэлоку з дапамогай камеры смартфона — без усталёўкі спецыяльных прыкладанняў.
Пры сканаванні адкрываецца старонка з інфармацыяй пра жывёлу, кантактамі ўладальніка, а таксама аўтаматычна вызначаецца геалакацыя месца, дзе код быў адсканаваны. Уладальнік атрымлівае званок або SMS з каардынатамі ўжо цягам хвіліны.
«У многіх сяброў і знаёмых ёсць хатнія жывёлы, таму пра страх страты ведаю нямала. Хацелася скараціць час пошукаў і зберагчы нервы і гаспадару, і гадаванцу», — патлумачыў ідэю аўтар праекта Ян Гулевіч.
Як распавёў стваральнік, брэлок выкананы ў форме адбітку лапкі памерам 3 см і мацуецца на спецыяльным двухкольцавым мацаванні. QR-код счытваецца з адлегласці да аднаго метра. Распрацоўшчыкі правялі сур'ёзныя выпрабаванні — замарожвалі, награвалі, драпалі і мачылі прыладу.
Пасля дапрацовак брэлок з палімернага пластыку з эпаксіднай смалой стаў устойлівым да вады, бруду і нават драпін.
Сэрвіс ужо тэстуецца ў Мінску з планамі пашырэння на ўсю краіну. Кошт аднаго брэлока складае 25 рублёў, што ўключае абслугоўванне сервераў, абарону дадзеных і эквайрынгавыя паслугі. Распрацоўшчыкі адзначаюць, што іх рашэнне таннейшае за аналагі з краін СНД пры маржынальнасці 35–40%.
У перспектыве плануецца стварыць паменшаную версію для птушак і наладзіць супрацоўніцтва з валанцёрскімі арганізацыямі для стварэння агульнай платформы ўліку жывёл.
Як адзначае аўтар, «нават калі наш брэлок дапаможа адшукаць аднаго гадаванца са ста згубленых — гэта ўжо будзе добры вынік».