У цэнтры Варшавы з’явілася кампазіцыя з сімваламі трох народаў
- 23.01.2026, 20:27
Калядны бетлем аб’яднаў Польшчу, Беларусь і Украіну.
Карыстальнікі сацыяльных сетак заўважылі ля аднаго з каталіцкіх храмаў у цэнтры Варшавы незвычайную скульптурную кампазіцыю з сімваламі трох краін — Польшчы, Беларусі і Украіны. Тыя, хто не ў тэме, не зразумелі сутнасці інсталяцыі, некаторыя выказалі сумнеў, якую краіну сімвалізуе адна з фігур — Беларусь ці Літву? Выданне Katolik.life даведалася пра новую кампазіцыю і распавяло падрабязнасці пра яе.
Гаворка ідзе пра калядны бетлем, які сёлета быў дапоўнены постацямі Трох Каралёў і ўсталяваны каля касцёла Святога Аляксандра на плошчы Трох Крыжоў. Гэта — «Калядны бетлем трох народаў», які можна ўбачыць каля храма да 2 лютага ўключна.
Сёлета з’явілася ідэя зрабіць бетлем міжнародным. Новыя постаці Трох Каралёў сапраўды сімвалізуюць Польшчу, Беларусь і Украіну, якія прыносяць свае дары Немаўляці Езусу.
Перад асвячэннем постацей у касцёле праходзіла сумесная Імша палякаў, беларусаў і ўкраінцаў. Служба з удзелам душпастыра беларусаў-католікаў у Варшаве ксяндза Вячаслава Барка праходзіла на польскай мове з элементамі беларускай і ўкраінскай моў — у знак еднасці і ўзаемнай павагі народаў.
Беларусы самі сабралі грошы на сваю постаць з гістарычным гербам краіны, якая каштавала 15 тысяч злотых (больш за 3500 еўра), каб засведчыць: тут ёсць беларусы, супольнасць жыве і памятае пра свае карані.
Гэтая плошча — сімвалічнае месца на карце Варшавы, якое знаходзіцца на стыку важных артэрый горада, у раёне пасольстваў і міжнародных устаноў. У парафіі вырашылі, што месца патрабуе «паслання, якое будзе чытэльным для ўсіх», і вырашылі стварыць калядны бетлем як знак міру і дыялогу. Аўтарка скульптур — Фаўстына Макарук.