Жыхары Кіева ставяць намёты ў кватэрах
- 23.01.2026, 23:32
Людзі жывуць без святла і цяпла, але не губляюць надзеі.
Жыхары Кіева разводзяць вогнішчы на вуліцы і ставяць намёты ў кватэрах. Увечары, калі ўкраінская сталіца пагружаецца ў цемру, атмасфера ў дварах нагадвае Мінск 2020 года. Людзі саграваюцца гарачым чаем, прыгатаваным на вогнішчы, спяваюць песні і вераць, што дабро пераможа, піша «Радыё Рацыя».
Распавядае беларуска і былая палітзняволеная Ірына Шчасная, якая з пачатку блэкауту знаходзіцца ў Кіеве:
— Я ехала з таксістам, вядома, яны з жонкай адправілі дзяцей да цёткі ў прыгарад Кіева, бо там ёсць святло. А самі засталіся ў киеўскай кватэры і паставілі пасярэдзіне пакоя намёт — вось так і жывуць. Людзі падтрымліваюць адзін аднаго, ладзяць вечарынкі. Відаць, расійскія ўлады разлічвалі, што блэкаутам яны раззлуюць людзей, але атрымалася наадварот — гэта яшчэ мацней аб’яднала ўкраінцаў.
Нагадаем, паводле стану на 23 студзеня ў Кіеве без цеплазабеспячэння застаюцца каля 2600 дамоў, паведаміў мэр горада Віталій Клічко. Паводле ягоных слоў, за мінулыя суткі цяпло вярнулі амаль у 600 дамоў, большасць з якіх знаходзіцца на левым беразе сталіцы.