Старажытную беларускую сядзібу купілі ўсяго за $35
- 23.01.2026, 19:17
Па выніках аўкцыёну гістарычны маёнтак перайшоў да грамадзяніна Расіі.
Гэта сядзіба ў Віцебскай вобласці ўсё ніяк не магла знайсці сабе ўладальніка. Пры тым што прадавалі яе ўсяго за адну базавую велічыню. На таргі будынак выставляўся з 2024 года, і вось сёння здарылася — старажытны маёнтак нарэшце атрымаў шанец на новае жыццё, піша Onlíner.
Сядзіба «Малыя Дольцы» стаіць у вёсцы Новае Жыццё ў Ушацкім раёне Віцебскай вобласці. Яе пабудавалі ў 1848 годзе для сям'і Верэнькаў. На пачатку XX стагоддзя будынак ужо належаў іншаму роду — Сушчынскіх. У 1909 годзе там была пастаўлена адна з першых беларускіх п'ес — «Міхалка». У яе стварэнні ўдзельнічалі вядомы беларускі культурны і палітычны дзеяч Вацлаў Іваноўскі, а таксама дзеці ўладальнікаў сядзібы — Ганна і Эдвард Сушчынскія. Карацей, месца гістарычнае, з вайбам. Але да нашага часу яно літаральна марнела, стаяла нікому не патрэбнае.
Чарговыя таргі адбыліся сёння на платформе «БУТБ-Имущество». У іх удзельнічалі ўсяго два прэтэндэнты. Таргаваліся яны не вельмі актыўна. Таму працэс заняў усяго 17 хвілін, а пачатковы кошт вырас толькі ў 2,3 раза.
Двухпавярхоўка пайшла з малатка за 101,25 рубля (каля $35).
Пераможцам аўкцыёну і шчаслівым уладальнікам маёнтка стаў грамадзянін Расіі. Другім удзельнікам быў беларус, які саступіў суседу. Што менавіта расіянін плануе рэалізаваць у старых сценах, невядома. Але выбар у яго вялікі: аграсядзіба, гатэль, рэстаран і гэтак далей.
— У будынку можна весці любы легальны бізнес. Галоўнае — пачаць яго не пазней чым праз 36 месяцаў пасля падпісання дагавора куплі-продажу, — растлумачылі ў «БУТБ-Имущество».