Эстонія адмовілася ўпускаць у краіну беларускіх фехтавальнікаў
- 23.01.2026, 18:13
Чэмпіянат Еўропы перанеслі ў Францыю.
Міжнародная федэрацыя фехтавання (FIE) паведаміла Эстонскаму саюзу фехтавання (EVL) пра тое, што права на правядзенне чэмпіянату Еўропы, які павінен быў адбыцца ў чэрвені ў Таліне, перададзена Францыі. Такое рашэнне прынялі з-за адмовы Таліна ўпусціць спартсменаў з Беларусі і Расіі, якія выступаюць у нейтральным статусе. Пра гэта піша Õhtuleht.
«Рашэнне было прынята яшчэ 14 студзеня, аднак нам паведамілі пра гэта толькі сёння», — заявіў генеральны сакратар EVL Айвар Паалберг выданню.
Як адзначае Delfi, напрыканцы мінулага года стала вядома, што чэмпіянат Еўропы па фехтаванні, які павінен быў прайсці ў гэтым годзе ў Таліне, адмяняецца.
Прычынай стала патрабаванне Міжнароднай федэрацыі фехтавання (FIE) дапусціць да ўдзелу спартсменаў з Расіі і Беларусі. Эстонія ж не выдае візы спартсменам з гэтых краін.