З беларусаў хочуць спагнаць яшчэ адзін падатак
- 23.01.2026, 17:35
Раней на яго не звярталі ўвагі.
Дабрачыннае аб’яднанне «ЗООшанс» пацвердзіла ў Threads чуткі пра тое, што ў ветэрынарных клінік, прынамсі ў Мінску, падатковая інспекцыя запатрабавала спіс уласнікаў сабак, якія звярталіся па ветэрынарную дапамогу ў 2025 годзе, паведамляе «Белсат».
На скрыншоце ліста ад першага намесніка інспекцыі па Мінску Любові Міхадзюк просяць прадставіць спіс з імем уласніка, адрасам пражывання, кантактным тэлефонам і пародай сабакі.
Ці робяць такія запыты ў іншых гарадах, невядома.
Карыстальнікі Threads дыскутуюць, добра гэта ці дрэнна, што такі падатак збіраюць. Аргументы «за» — што падатак пойдзе на карысць самым сабакам, бо грошы будуць укладацца ў інфраструктуру і ўтрыманне бяздомных жывёл. Аргументы «супраць» — што фактычна не ўкладаюцца. І паводле закона, не павінны: падатак збіраюць без канкрэтнай мэты.
Верагодна, гэта не выпадковая ініцыятыва адной чыноўніцы. На працягу апошняга тыдня ў дзяржаўных і набліжаных да ўлады СМІ пачалі публікаваць напаміны пра неабходнасць плаціць такі падатак, пра абавязак рэгістраваць сабак і катоў, пра забарону трымаць у кватэры больш чым дзве сабакі або два каты на сям’ю, а таксама пра магчымыя штрафы за парушэнне правілаў утрымання дамашніх жывёл — да 15 базавых велічынь (630 рублёў у 2026 годзе).