«Ты не Мэрылін Манро»: жыхар Гродна «разнёс» мясцовы тралейбус
- 23.01.2026, 15:34
Аднак у яго ёсць і любімцы.
Напрыканцы студзеня ў TikTok з'явіўся акаунт пад назвай «хэйтар 23 тралейбус г. Гродна». Аўтар відэа абураецца з-за спазненняў тралейбуса і называе транспарт «агіднай лічынкай» і «мярзотнай трупавозкай». Аўтобусны парк Гродна выступіў з абвяржэннем, якое апублікавалі ў «Гродзенскай праўдзе», піша Hrodna.life.
Пакуль аўтар апублікаваў менш за 10 відэа. У іх ён фіксуе спазненні гродзенскага тралейбуса №23. «Тварюка, с*ка, 23 тралейбус элегантна вырашыў спазніцца на 17 хвілін. Але ведай, бл*ць, што ты не Мэрылін Манро, і табе не належыць спазняцца», — так падпісаў адно з апошніх відэа хэйтар тралейбуса.
Таксама аўтара раздражняе 53 аўтобус — яго ён называе «мярзотным», а вось тралейбус №24 блогер лічыць «грацыёзным і царскім».
У акаунта 444 падпісчыкі, самае папулярнае відэа (прысвечана смуроду на Дзевятоўцы з-за «Лукойла») набрала амаль 110 тыс. праглядаў.
Намеснік дырэктара аўтапарка па ідэалагічнай рабоце Сяргей Рышкевіч паведаміў, што на прадпрыемстве «наслуханыя пра тое, як аўтар крытыкуе» гродзенскі транспарт.
— Хачу абвергнуць яго словы пра тое, што тралейбус ігнаруе прыпынкі, — адзначыў Рышкевіч.