Трэці за дзень самалёт расійскай авіякампаніі сутыкнуўся з няспраўнасцю ў палёце
- 23.01.2026, 11:43
Boeing 757 ляцеў з Пхукета ў Барнаул.
Самалёт Boeing 757 авіякампаніі Azur Air, які выконвае рэйс з Пхукета ў Барнаул, падаў сігнал бедства і рыхтуецца да экстранай пасадкі на тэрыторыі Кітая, паведаміў «РИА Новости» прадстаўнік перавозчыка. «Будзе здзяйсняць пасадку ў Ланьчжоу», — удакладніў суразмоўца агенцтва. Самалёт вылецеў з Тайланда каля чатырох гадзін таму, і да расійскай мяжы яму застаецца значная адлегласць. На борце знаходзяцца 238 пасажыраў. Даных пра тое, якая няспраўнасць прывяла да неабходнасці экстранай пасадкі, няма.
Гэта трэці за дзень расійскі самалёт, які сутыкнуўся з паломкай падчас палёту. Раніцай 23 студзеня Boeing 737, які выконваў рэйс з Калінінграда ў Маскву, здзейсніў аварыйную пасадку ў аэрапорце «Шарамецьева» з-за праблем са стойкай шасі. Ніхто з пасажыраў не пацярпеў. Спецыялісты прыступілі да тэхнічнага агляду борта, які на час праверкі адстаранілі ад палётаў.
Уначы на 23 студзеня ў аэрапорце Краснаярска экстраную пасадку здзейсніў Boeing 737-800 авіякампаніі «Якуція», які ляцеў з Навасібірска. Паводле даных перавозчыка, борт запытаў аварыйную пасадку з-за таго, што ў салоне пачаў зніжацца ціск. Папярэдне, гэта адбылося з-за абледзянення клапана сістэмы наддуву паветранага судна. З 158 пасажыраў, якія знаходзіліся на борце, ніхто не пацярпеў.
Як падлічыла «Новая газета Еўропа» на падставе даных канала Aviaincident, у 2025 годзе колькасць інцыдэнтаў з самалётамі расійскіх авіякампаній вырасла ў чатыры разы ў параўнанні з 2024 годам. Ад студзеня да канца лістапада было зафіксавана больш за 800 выпадкаў няспраўнасцей, якія прывялі да адмены або перапынення палёту. Рост колькасці падобных інцыдэнтаў непасрэдна звязаны з заходнімі санкцыямі, уведзенымі супраць Расіі пасля развязвання Уладзімірам Пуціным вайны ва Украіне.