«Магія па-за межамі Хогвартса»
- 22.01.2026, 21:31
На «Лідскім піве» растлумачылі, чаму выяву майстра на банках з півам друкуюць дагары нагамі.
На прадпрыемстве «Лідскае піва» растлумачылі, чаму на банках піва серыі «Калекцыя Майстра. Пшанічнае» этыкетка выглядае нібыта перавернутай. Многія пакупнікі палічылі гэта звычайнай вытворчай памылкай, якую чамусьці не заўважылі падчас кантролю якасці. Аднак высветлілася, што так было задумана першапачаткова, піша Telegraf.news.
У прэс-службе самога вытворцы з гумарам адзначылі, што з прэтэнзіямі пра «памылку» на банках да іх звяртаюцца «часцей, чым з просьбай вярнуць грошы». Таму на прадпрыемстве палічылі патрэбным растлумачыць, для чаго вытворца наўмысна «перавярнуў» выяву на этыкетцы.
«Давайце растлумачым. Асабліва тым, хто ўжо раней з гэтага смяяўся. Выява «майстра» надрукаваная дагары нагамі, бо ў пшанічным гатунку ёсць асадак. А калі трымаеш банку ў руках, пераварочваеш яе і змешваеш. Магія па-за межамі Хогвартса», — патлумачылі на старонцы «Лідскага піва» ў Threads.
Цяжка не пагадзіцца, што гэта мудры ход на мяжы маркетынгу і псіхалогіі. Бо тэкст на этыкетцы, дзе, вядома, пазначана, што ў гэтым гатунку піва дапускаецца наяўнасць дражджавога асадку, таму банку варта перавярнуць перад ужываннем, уважліва чытаюць нямногія. А вось не заўважыць, што выява на банцы ў вас у руках нейкая «няправільная», даволі складана — чыста інстынктыўна хочацца перавярнуць банку «правільным» бокам.
Перавярнулі, зразумелі, што «памылку» зрабілі не вы, а вытворца, перавярнулі назад — вуаля, напой ужо перамешаны, што і патрабавалася для патрэбнага смаку. Менавіта на гэты псіхалагічны трук вашай падсвядомасці і разлічвае вытворца.
А вось са шклянымі бутэлькамі, у якіх таксама выпускаецца гэтая серыя, такі трук ужо не працуе.