Жыхары горада ў Чалябінскай вобласці РФ трэція суткі без ацяплення пры 30-градусным марозе
- 22.01.2026, 20:52
Тэмпература ў кватэрах не перавышае 4–5 градусаў.
Жыхары горада Карабаш у Чалябінскай вобласці застаюцца без ацяплення ўжо трэція суткі на фоне 30-градусных марозаў. Пра гэта паведамляе «Асцярожна, навіны». Тэмпература ў кватэрах, паводле слоў гараджан, не перавышае 4–5 градусаў, на вокнах утвараецца наледзь.
Аварыя на цеплатрасе адбылася 20 студзеня, пасля чаго цяпло знікла амаль ва ўсіх раёнах. Нягледзячы на заявы мясцовых уладаў пра ліквідацыю аварыі і аднаўленне падачы цяпла, жыхары цэнтра, паўночнай часткі горада і 2-га мікрараёна сцвярджаюць, што ацяплення дагэтуль няма. З-за адсутнасці цяпла ў многіх дамах лопнулі трубы, у выніку чаго знікла і халодная вада. Раніцай 21 студзеня ў частцы Карабаша таксама адключылі электрычнасць, якую, паводле запэўненняў адміністрацыі, павінны былі аператыўна аднавіць, але ў цэнтры горада святла няма і дасюль.
Гэтая сітуацыя паўтарае папярэднія інцыдэнты ў рэгіёне. 15 студзеня пры 35-градусным марозе без электрычнасці, вады і цяпла на трое сутак засталіся жыхары вёсак Ключы і Малінаўка Чалябінскай вобласці. Пасля іх звароту да кіраўніка Следчага камітэта Аляксандра Бастрыкіна было распачата крымінальная справа аб аказанні паслуг, што не адпавядаюць патрабаванням бяспекі (ч. 1 ст. 238 КК).
Жыхары Ключоў распавялі «Пад’ёму», што вёска газіфікаваная часткова, а электрасетка не спраўляецца з нагрузкай з-за ацяплення дамоў электрычнасцю. У выніку аварыі тэмпература ў дамах упала да сямі градусаў. Улады арганізавалі пункт часовага размяшчэння.
Паводле падлікаў «7×7», з пачатку ацяпляльнага сезону 2025/2026 да сярэдзіны снежня ў Расіі было зафіксавана не менш як 123 выпадкі адключэння цяпла ў жылых дамах. Гэта адбываецца на фоне крытычнага зносу камунальнай інфраструктуры: паводле дадзеных Мінбуда Расіі, знос сетак у рэгіёнах дасягае 40–80%, а тэмпы іх абнаўлення, як адзначаў сябра думскага камітэта па будаўніцтве і ЖКГ Аляксандр Якубоўскі, удвая ніжэйшыя за неабходныя. Сябра камітэта па ЖКГ Гандлёва-прамысловай палаты Канстанцін Крохін падкрэсліваў, што маштабы аварый наўпрост залежаць ад маразоў, бо зношаныя сеткі не вытрымліваюць нагрузак.