Арына Сабаленка стала тварам моднага дома класу люкс Gucci
- 22.01.2026, 17:45
Беларуская тэнісістка будзе прадстаўляць брэнд у жаночым тэнісе.
Італьянскі модны дом Gucci абвясціў новага амбасадара брэнда, якім стала беларуска Арына Сабаленка, напісалі ў сацсетках кампаніі. Беларуская тэнісістка, якая цяпер узначальвае сусветны рэйтынг WTA і з’яўляецца чэмпіёнкай US Open 2025 года, стане галоўным тварам Gucci у жаночым тэнісе.
У рэкламным відэа Сабаленка паказаная падчас розыгрышу з ракеткай у руках. Яна апранута ў доўгую шаўковую сукенку бэжавых і цёмна-карычневых адценняў з калекцыі вясна–лета 2026 года. Вобраз дапоўнены пёравымі элементамі, фірмовым узорам GG і залатымі завушніцамі з лагатыпам брэнда.
Раней Gucci таксама заключыў партнёрства з італьянскім тэнісістам, пераможцам чатырох турніраў серыі Вялікага шлема Яннікам Сінерам. Ён прадстаўляе не толькі асноўныя калекцыі, але і новую лінію для зімовых відаў спорту Gucci Altitude.
Сабаленку ж нядаўна абрала і кампанія Nike ў якасці твару для запуску новых красовак Shox Z.